Бел-чырвона-белыя сцягі каля Адміністрацыі прэзідэнта правіселі 2 гадзіны

14 траўня насупраць Адміністрацыі прэзідэнта з'явіліся бел-чырвона-белыя сцягі. Такім чынам зарэгістраваная ў Чэхіі арганізацыя "Малады фронт" пачала кампанію "Горад наш". Яна прымеркаваная да 15-й гадавіны рэферэндуму па змене дзяржаўнай сімволікі Беларусі. Як распавёў прэс-сакратар "Маладога фронта" Станіслаў Стэсік, сцягі правіселі на праспекце Незалежнасці больш за 2 гадзіны:

Станіслаў Стэсік: "Ведаеце, як у нас спецназ робіць? Мы можам павесіць расцяжку, затрымаюць хлопцаў побач з ёй, звязуць куды-небудзь. А расцяжка будзе вісець! Тое ж самае са сцягамі. Спецназаўцы не скемілі адразу, ці што, але нашыя актывісты, якія фатаграфавалі акцыю, паведамілі, што сцягі віселі каля 2 гадзінаў".

Спецназ раніцай 14 траўня спрацаваў аператыўна. Падчас вывешвання нацыянальных сцягоў былі затрыманыя два маладафронтаўцы — Уладзімір Яроменка і Юльян Місюкевіч. Хлопцаў затрымалі, ледзь яны паспелі спусціцца з дахам.

Юнакі паспелі паведаміць, што іх вязуць у Центральны РУЎС. Па словах Станіслава Стэсіка, там на іх былі складзеныя пратаколы. Хлопцаў вінавацяць у дробным хуліганстве.

Разглядаць справы Ўладзіміра Яроменкі і Юльяна Місюкевіча будуць сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.



Фота: "Малады Фронт"