Беларусь будзе рабіць у Венесуэле цэглу, трактары і грузавікі

Беларусь да сярэдзіны 2011 года плануе завяршыць будаўніцтва трох заводаў у Венесуэле: па вытворчасці цэглы, трактароў і грузавых аўтамабіляў. Пра гэта заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімір Сямашка на сустрэчы прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса з чальцамі беларускай дэлегацыі - удзельнікамі паседжання Беларуска-венесуэльскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Як інфармуе БЕЛТА, кіраўнік Венесуэлы ў сваю чаргу заявіў аб магчымасці павялічыць здабычу нафты Беларуссю ў Венесуэле да 20 тыс. барэляў у суткі. Цяпер сумеснае прадпрыемства "Петролера Белавенесалана" на радовішчах Венесуэлы здабывае каля 15 тыс. барэляў нафты ў суткі.

Адзначым, што па словах Аляксандра Лукашэнкі, венесуэльская нафта будзе пастаўляцца на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі.

Чавес таксама заявіў, што Венесуэла гатовая сёлета імпартаваць 10 тыс.т сухога малака з Беларусі. Чавес выказаў  зацікаўленасць у пастаўках пшаніцы з Беларусі. У сваю чаргу Венесуэла можа пастаўляць у Беларусь какаву і прадукцыю з яе, трапічную садавіну, каву.