Беларусь і Расія падпісалі пакет дакументаў аб пастаўках нафты

Беларусь і Расія падпісалі пакет дакументаў аб пастаўках сырой нафты. Як заявіў віцэ-прэм'ер Расіі Ігар Сечын, у пакет увайшлі змены да дамовы па пастаўках сырой нафты ў Беларусь, методыка тарыфаўтварэння на продаж нафты, баланс нафтавай сыравіны на 2010 год, сумесная заява віцэ-прэм'ераў дзвюх краін аб гарантыях бесперабойнага транзіту. Таксама ён заявіў, што бакі дамовіліся правесці ў верасні дадатковую зверку аб'ёмаў спажывання нафты ў Беларусі. Па словах Сечына, якія перадае БелаПАН, з улікам гэтай зверкі Беларусь і Расія змогуць правесці, калі запатрабуецца, карэктаванне аб'ёму паставак сырой нафты.

Нягледзячы на падпісаную дамову аб пастаўках нафты, беларускі бок па-ранейшаму будзе настойваць на бязмытных пастаўках усяго аб'ёму нафты. Падставай для гэтага называецца тое, што 1 ліпеня гэтага года пачынае дзейнічаць адзіная мытная тэрыторыя ў рамках Мытнага саюза.

Дамова ў цяперашнім выглядзе не можа доўга жыць, заявіў у інтэрв'ю беларускім тэлеканалам першы намеснік прэм'ер-міністра Ўладзімір Сямашка. Па яго словах, гэта нонсэнс, што ў рамках Мытнага саюза прапісваюцца квоты і пошліны на нейкія тавары. Сямашка заявіў, што Беларусь і Расія яшчэ павінны вярнуцца да пытання паставак нафты і не выключана, што будуць істотныя, радыкальныя змены.