Беларусь не павялічыць кошт беларускай візы да 60 еўра, бо чакае турыстаў

Беларусь не плануе павялічваць кошт беларускай візы да 60 еўра ў сувязі з уступленнем з 1 студзеня 2008 года шэрагу дзяржаваў Еўрасаюза ў Шэнгенскую зону. Пра гэта заявіў начальнік пашпартна-візавага аддзела консульскага ўпраўлення МЗС нашай краіны Ігар Сакрэта.
“Краіна зацікаўленая ў развіцці ўязнога турызму”, сказаў ён. У той жа час, улічваючы нацыянальныя інтарэсы, Беларусь разглядае магчымасці ўжыцця некаторых захадаў у адказ у пытанні павелічэння кошту беларускай візы.

Нагадаем, у зону Шэнгенскага пагаднення ўвайдуць дзевяць краінаў: Літва, Латвія, Польшча, Венгрыя, Чэхія, Славаччына, Эстонія, Мальта і Славенія.

Грамадзянам Беларусі для паездак у гэтыя краіны давядзецца плаціць 60 еўра за выдачу візы незалежна ад мэты паездкі і яе кратнасці. МЗС нашай краіны заяўляе, што шматлікія перамовы з гэтымі краінамі пра зніжэнне кошту візаў пакуль не далі выніку.

Хартыя-97