Беларускаму шпіёну ў Літве давядзецца заплаціць за вайсковую ўніформу

Беларускаму шпіёну ў Літве давядзецца заплаціць за вайсковую ўніформу

Былому фельчару літоўскага войска Андрэю Ашуркаву, асуджанаму за шпіянаж на карысць Беларусі, давядзецца заплаціць амаль 180 еўра. У такую суму Віленскі ўчастковы суд ацаніў ўніформу і экіпіроўку, якія Ашуркаў не вярнуў у войска, інфармуе ru.delfi.lt.

Ашуркава звольнілі са службы ў літоўскім войску ў красавіку 2014 года. Прычынай стала яго незаконная дзейнасць. Фельчара, які быў рэзервістам Часовага персаналу прафесійнай ваеннай службы пры механізаванай пяхотным батальёне імя князя Альгерда, абвінавацілі ў шпіянажы.

4 сакавіка Віленскі акруговы суд прызнаў Ашуркава вінаватым у шпіянажы на карысць Беларусі. Яго асудзілі на тры гады пазбаўлення волі. Яму прызначылі мінімальнае пакаранне, улічыўшы адсутнасць судзімасці і прызнанне ў злачынстве.

Цяпер суд пастанавіў, што вайсковец, які датэрмінова скасоўвае дамову аб службе, абавязаны пакрыць рэшткавы кошт выдадзенай яму ўніформы. Выключэнне складаюць тыя выпадкі, калі вайскоўца адпраўляюць у запас і пакідаюць за ім права на нашэнне ўніформы. Ашуркава пры звальненні з войска пазбавілі такога права.