Беларуская апазіцыя сустрэлася з дакладчыкам ПАСЕ Андрэа Рыгоні

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях ПАСЕ Андрэа Рыгоні правялі 8 чэрвеня сустрэчу ў Мінску. Як паведамляе БелаПАН, на сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя ў нашай краіне. З беларускага боку ў сустрэчы прымалі ўдзел лідэр АГП Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, сакратар Партыі камуністаў Беларускай Валер Ухналёў і экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін.

Прадстаўнікі апазіцыі растлумачылі сваё меркаванне аб ролі ПАСЕ падчас дэмакратызацыі Беларусі. Па іх словах, ПАСЕ павінна быць пасярэднікам паміж апазіцыяй і ўладай на перамовах наконт выбарчага заканадаўства, умоваў дзейнасці СМІ, палітычных партый і грамадскіх арганізацый, сітуацыі з палітвязнямі.