Беларускі журналіст Віктар Малішэўскі стаў адным з лепшых блогераў свету

На міжнародным конкурсе блогаў The BOBs у фінал выйшаў блог беларускага журналіста Віктара Малішэўскага. Ён прэтэндуе на званне найлепшага блога на расійскай мове. Конкурс ладзіцца медыякампаніяй Deutsche Welle ужо ў шосты раз.  Як адзначана на сайце конкурсу, "у сваім блогу Малішэўскі трапна і з гумарам каментуе палітычныя рэаліі сучаснай Беларусі, якія нярэдка мяжуюць з абсурдам. Утапічнасць заяваў афіцыйных уладаў ён, у прыватнасці, дэманструе аналізам афіцыйнай жа статыстыкі".

Найлепшыя блогі будуць вызначаныя ў адзінаццаці моўных катэгорыях, а таксама ў шасці міжнародных: лепшы блог, лепшы відэаблог, лепшы падкаст, прыз арганізацыі "Рэпарцёры без межаў", адмысловы прыз "Праблемы змены клімату" і самы незвычайны блог.

15 сакавіка пачалося онлайн-гасаванне, якое працягнецца да 14 красавіка. У кожнай катэгорыі будуць вызначаныя па два пераможцы: найлепшы блог па версіі інтэрнэт-карыстальнікаў (вынікі онлайн-галасавання) і найлепшы блог паводле версіі журы.

Пераможцы The BOBs 2009/10 будуць абвешчаныя 15 красавіка на ўрачыстай цырымоніі.

Нагадаем, што ў 2007 годзе пераможцай конкурсу ў намінацыі за лепшы фотаблог стала беларуска Акбара (журналістка Ксенія Авімава).