Беларускія студэнты ў Польшчы праводзяць акцыі ў падтрымку Баразенкі

Сёння ў Варшаве беларускія студэнты правялі інфармацыйную акцыю ў падтрымку беларускага студэнта, які навучаўся ў Польшчы, а цяпер знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Мінску па справе “14-ці”.  Каля Варшаўскага ўніверсітэта студэнты ўсталявалі шчыт з інфармацыяй пра Аляксандра і раздавалі ўлёткі на польскай мове, у якіх звярнуліся да польскіх студэнтаў з просьбай напісаць ліст падтрымкі ў ізалятар да Баразенкі. Вось што распавёў удзельнік акцыі Анатоль:

“Мы былі пад бел-чырвона-белымі сцягамі і ўсе бачылі, што гэта беларусы. Людзі тут звычайна негатыўна ставяцца да рэкламы на вуліцы, калі раздаюць розныя ўлёткі. А калі бачылі, што мы беларусы, самі падыходзілі. Многія казалі “Жыве Беларусь” і абяцалі абавязкова напісаць”.


За раніцу ў Варшаве раздалі ўсе 400 улётак, надрукаваных на польскай мове. Улёткі на англійскай мове будуць распаўсюджаныя сярод студэнтаў Нямеччыны і іншых краін Еўропы. Таксама ўлеткі раздавалі ўчора ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, а сёння і заўтра адбудуцца акцыі ў Любліне, Гданьску і Гнезна. Пазней такія лісты з просьбай напісаць ліст беларускаму палітвязню будуць разасланыя да ўсіх студэнтаў Польшчы.