Больш за 30 міліцыянтаў адказалі за смерць дзяўчыны на Рагачоўшчыне

Пасля таго, як міліцыянт забіў дзяўчыну ў Рагачоўскім раёне, больш як 30 супрацоўнікаў і кіраўнікоў сістэмы МУС прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Пакаранні розныя — ад вымоваў да звальнення, інфармуе БелаПАН. Нагадаем, на Купалле 6 ліпеня ўчастковы міліцыянт Рагачоўскага РАЎС у службовай машыне стрэліў з табельнага пісталета ў 22-гадовую дзяўчыну. Яна атрымала агнястрэльнае раненне галавы і сканала праз 10 дзён у лякарні, не прыходзячы ў прытомнасць. На момант злачынства міліцыянт быў п'яны.

Упраўленне ўласнай бяспекі МУС зладзіла пасля трагедыі службовую праверку. Яе вынікі паказалі, што прычынай злачынства сталі не толькі асабістыя нізкія маральныя якасці міліцыянта, але і практычна поўная адсутнасць кантролю з боку кіраўніцтва рагачоўскай і гомельскай міліцыі.

На момант правядзення праверкі ў Рагачоўскім РАЎС адзін супрацоўнік міліцыі п'яны (пазней яго звольнілі), другі — некалькі гадзін адсутнічаў на працоўным месцы без паважнай прычыны (яго панізілі ў пасадзе).

30-гадовага міліцыянта, які забіў дзяўчыну, і трое яго калег, якія знаходзіліся на месцы злачынства, звольнілі з органаў. Адзін міліцыянт з прысутных на месцы здарэння ўцёк, але праз два дні яго знайшлі.