Бразільскі футбаліст гатовы змяніць грамадзянства на беларускае

Пасля заявы міністра спорту Грыгарава наконт замены замежных легіянераў беларускімі футбалістамі ў беларускім спартыўным асяродку пачаліся бурныя спрэчкі. Насамрэч, ці патрэбныя беларускаму футболу гульцы з якой-небудзь далёкай Бразіліі ці іншай замежнай краіны?
Мабыць, трэба проста выстаўляць граць нашых маладых футбалістаў? Еўрапейскае радыё вырашыла разабрацца з футбольнай сітуацыяй у нашай краіне. Па-першае, мы звязаліся з самым вядомым бразільскім легіянерам Эдуардам Марэйрам. Больш вядомы як “Эду”, ён выступае за мінскі клуб “Дынама”.

Еўрарадыё датэлефанавалася да футбаліста ў Турцыю, дзе сталічны клуб знаходзіцца на зборах. Вось што ён мяркуе наконт набыцця Беларуссю замежных футбалістаў:

“Я лічу, што гэта нармальная з’ява. У Беларусі мне нармальна працаваць і граць у футбол. Я насамрэч сябрую з іншымі футбалістамі па камандзе. Я думаю, што сістэма набору легіянераў павінна існаваць, таму што гэта сусветная практыка.

У Беларусі не толькі бразільскія , але і расійскія, ды і з іншых краін ёсць легіянеры. Калі запрашаюць ігракоў з добрым узроўнем гэта добрая справа і для чэмпіяната і для нацыянальных футбалістаў. Асабліва для маладых, якія вучацца і больш бачаць.”


Вядома ж, мы не маглі не запытаць у Эду, ці будзе ён змяняць грамадзянства, калі гэта будзе ўмовай для таго, каб застацца ў беларускім футболе:

“ Да Беларусі я граў 5 год у Расіі. Я не хачу вяртацца ў Бразілію. Калі будзе ўсё нармальна, і надалей буду працягваць сваю працу ў Беларусі. І, калі трэба, я без пытанняў буду змяняць грамадзянства на беларускае.”

Але адная справа - гэта погляд на футбол самога легіянера, а іншая – звычайных заўзятараў. Мы звязаліся з адміністратарам неафіцыйнага сайту сталічнага футбольнага клуба “Дынама” Анатолем:

“Легіянеры, за выключэннем бразільца Эду, ніякага станоўчага выніка для нашага клуба не далі. Зараз у каманду з іншых краін запрашаюцца гульцы другога сорту, якія і ў футбол з большага граць не здольны, ды і не гралі ніколі. Гэта не прафесійныя футбалісты.

Лепш бы бралі сваіх юнакоў, якія год запар перамагаюць на спаборніцтве дублёраў. Таму, вядома, адмоўна. Пажадана, каб больш грала мінчукоў. Калі ўжо не мінчукоў, то, як мінімум, беларусаў.”


Але ж замежныя футбалісты выступаюць не толькі за сталічны клуб. Так, нават у гродзенскім футбольным клубе “Нёман” грае бразілец Жувенал Гомес да Сілва. Мы папрасілі выказацца наконт мэтазгоднасці выкарыстання замежнага футбаліста ў камандзе прэзідэнта клуба Сяргея Карозу:

“У ідэале, вядома, хацелася б, каб ігралі ўсе беларусы. Больш вузка – гарадзенцы. Але з-за аб’ектыўных прычын на гэты момант мы так не здольныя зрабіць, таму вольныя вакансіі мы запаўняем па магчымасці беларусамі, калі не – легіянерамі. Але тады яны павінны быць на парадак вышэй за мясцовых футбалістаў.

Наша моладзь яшчэ далёкая ад прафесіяналізму бразільцам Жувенала. У яго сапраўды ёсць чаму вучыцца. Ён, насамрэч, на пару пунктаў вышэй за беларускіх футбалістаў.”


Атрымліваецца, што самі беларускія футбалісты навучыцца граць у футбол не здольныя.

Насамрэч, што ж застаецца рабіць трэнерам, калі нават бразільскія гульцы згодны змяніць грамадзянства дзеля таго, каб маладым беларусам было на каго глядзець на трэніроўках?

Усё нармальна. Беларусь – спартыўная краіна. Проста зараз дзяржаўная праграма імпартазамяшчэння пачынае распаўсюджвацца і на футбалістаў.


Фота — www.dinamo-minsk.com