Бурлак і Жыбуль шаманствавалі ў Брэсце

У Брэсце ў рамках Тыдня нямецкай мовы і культуры прайшлі літаратурныя чытанні. Сёлета акцэнт прыпаў на паэтаў. Свае вершы прадставілі Вера Бурлак і Віктар Жыбуль. Прадставілі, бо чытаць - не іх стыль. Гэта былі эпатажныя гульняслоўныя карацелькі, а гледачам іх паказваюць як рэпрызы альбо скетчы. Калі прамовіць слова “правакацыя”, то слухачы і гледачы скажуць: гэта Вера і Віктар, а Вера і Віктар напэўна адразу абыграюць гэтую “пра-вакацыю” і учмураць нешта абсурдысцкае кшталту “правакацыі і акацыі”.

На імпрэзе прысутнічалі каля 70 чалавек. У тым ліку карэспандэнт “Еўрарадыё”. Першай свае вершы чытала Вера Бурлак:

– Мы нічога такога не рабілі. Мы кахаліся, мы адно цалаваліся.

Паэтка апісвае, якія бурленні выклікае такі просты і зразумелы працэс у тутэйшым соцыўме. Бабкі ля пад’езда абгаворваюць, суседзі абураюцца, грукаюць у сцену, у “хрушчоўках” сцены-панэлі друзам сыплюцца – дык што, кахацца нельга? І толькі потым, калі слухач пранікаецца абурэннем у дачыненні да пурытанскага соцыўма, Вера тлумачыць: “нас было трое”.

Андрэ Бём, гасцявы дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пераклаў другі верш Веры Бурлак, пра Пана і Сірынгу. Вядомую рамантычную фабулу з грэцкай міфалогіі Вера перарабіла на свой лад: бог прыроды зрабіў з німфы не жалейку, а злупіў з яе скуру і нацягнуў на бубен – і зразумела, „das war der beste Tamburin der Welt“ (гэта будзе найлепшы бубен свету).

Аднак Вера падзялілася з публікай і вершамі дзіцячымі:

–Я ляжу-сяджу на ложку,
Зьвесіўшы, гайдаю ножкай,
І таму я вельмі хутка
Застануся без абутку.

Віктар Жыбуль уразіў наведнікаў імпрэзы пластыкай паказу сваіх вершаў - суладна з абсурдысцкімі формуламі яго рухі нагадваюць то зомбі, то вар’ята. Але на выхадзе імпрэсія разумнасці:

– Я не хачу быць пупом зямлі,
У зямлі і без мяне хапае пупоў.
Я хачу быць пупом неба.
Паветранай ямай і чорнай дзіркай.
Там болей волі і там
болей свабоды. Уявіце:
Я і мае пупы, і пупы пупоў маіх
глядзяць на вас з неба.
Ніхто не схаваецца
Ад іхняга пільнага позірку.
Цяпер кожны, хто патрапіць пальцам у неба,
патрапіць у мяне і ў мае пупы,
і ў пупы пупоў маіх трапіць ён,
а я нават не адчую.
Што, вы не верыце ў маё
Ўсепупейшае пупства,
У маё
найпаўнейшае найпупоўнейшае
пупейства. У маё архіпупавае апупейства?
Тады запытайцеся таго,
Хто зламаў палец аб неба.

– Чамусьці гэты верш асабліва падабаецца публіцы за мяжой, – сказаў карэспандэнту “Еўрарадыё” Віктар Жыбуль.

Вера і Віктар распавялі "Еўрарадыё", што:
- Яны часта выступаюць з “Рацыянальная дыета”;
- З ахвотай выступаюць у Slam’ах, паэтычных спаборніцтвах.
- Былі з чытаннямі ў Швейцарыі, і там іх потым пазнавалі на вуліцах.

Нямецкае літаратурнае прадстаўніцтва на Тыдні было зусім не вялікім: Андрэ Бём толькі перакладае. Не прыйшоў з невядомай прычыны і заяўлены брэсцкі паэт Сяргей Прылуцкі. Яго вершы ніяк не выламаліся б з гэтай каноналомні.

Галіна Бурына, намеснік дырэктара абласной бібліятэкі, падвяла рысу:

– Бачым, што гэта адна з самых удалых сустрэчаў, таму запросім Веру і Віктара праз нейкі час прыехаць яшчэ.