Былыя музыкі The Toobes запісалі альбом з гуртом "Валентин Стрыкало"
Украінскі гурт "Валентин Стрыкало" прэзентаваў свой трэці паўнафарматны альбом "Развлечение", запісаны пры ўдзеле былых удзельнікаў мінскага гурта The Toobes гітарыста Канстанціна Пыжова і басіста Стаса Мурашкі, якія далучыліся да каманды летась. З восені 2015 гурт у новым складзе адыграў тур, прысвечаны пяцігоддзю і выпусціў сінгл "Решится само собой", які ўвайшоў у апошні альбом. Варта адзначыць, што Канстанцін Пыжоў таксама займаўся і звядзеннем пласцінкі, якая атрымалася больш сур'ёзнай і меланхалічнай у параўнанні з папярэднімі.
"Усе пытаюцца, што я рабіў апошні час. А вось што. Год таму мы са Stas Mur пазнаёміліся з Юрыем Капланам і Вовам Якаўлевым. Адыгралі тур. І паступова прыступілі да працы над альбомам. І вось праз год мы выпускаем гэтую восеньскую, вельмі адкрытую і меланхалічнай пласцінку. Я раблю вялікі выдых, адпускаючы гэтыя песні на волю. Вельмі дарослы і інтымны альбом. Дзякуй усім, хто дапамагаў", — такімі словамі суправадзіў сваю новую працу Канстанцін Пыжоў у Facebook.
Гурт The Toobes фактычна перастаў існаваць у 2014 годзе, пасля чаго бубнач каманды Стас Ламакін прадставіў свой новы праект Radio Slam, які складаецца з польскіх музыкаў і скіраваны на польскую ж аўдыторыю. Стас выконвае ў новай камандзе ўжо ролю вакаліста-фронтмэна, пакінуўшы барабанную ўстаноўку. Іншыя ж удзельнікі "Тубсаў", Стас Мурашка і Канстанцін Пыжоў, далучыліся да праекта ўкраінскага музыкі Юрыя Каплана "Валентин Стрыкало".