Царкву "Новае жыццё" выселяць паводле загаду з Адміністрацыі прэзідэнта?

13 студзеня Вярхоўны суд пастанавіў выселіць з будынку пратэстанцкую царкву "Новае жыццё". Па словах юрыста царквы Сяргея Луканіна, паседжанне доўжылася каля дзвюх гадзінаў.  Луканін: Вышэйшы гаспадарчы суд нашай краіны пацвердзіў законнасць рашэння Мінгарвыканкама, якім царква была пазбаўленая права карыстання зямлёй. І таксама было пастаўлена пытанне аб прымусовым выкупе будынку нашай царквы.

Нагадаем, што справа "Новага жыцця" цягнецца некалькі гадоў. У 2005 годзе Мінгарвыканкам забараніў вернікам ладзіць набажэнствы ў адрамантаваным будынку былога кароўніка. У 2006-м яны, паводле пастановы ўладаў, мусілі пакінуць будынак. На знак пратэсту вернікі тады зладзілі 23-дзённую галадоўку-пост. Справай заняўся Вышэйшы гаспадарчы суд, пасля чаго яна зацягнулася на некалькі гадоў.

На думку Сяргея Луканіна, на цяперашні прысуд паўплывала пазіцыя ўлады. Юрыст нагадвае, што ў разглядзе справы быў амаль паўтарагадовы перапынак. У тагачаснай судовай пастанове гаварылася, што справа перапыняецца для кансультацыі з кампетэнтнымі органамі. Юрыст упэўнены, што кампетэнтным органам стала Адміністрацыя прэзідэнта

Луканін: Рашэнне суда выносілася не ў пакоі суддзі. Суд вынес гэтае рашэнне, таму што такую пазіцыю, з майго пункту гледжання, заняла Адміністрацыя прэзідэнта.

Сяргей Луканін адзначае, што рашэнне суда яшчэ можа быць абскарджанае — на касацыйнай калегіі Вышэйшага гаспадарчага суда, на паседжанні Прэзідыума, Пленума. Але спярша пратэстанты дачакаюцца пісьмовага рашэння з матывавальнай часткай, каб даведацца — чаму ж суд прыняў бок Мінгарвыканкаму.