Чаргінец: Я збіраю не кампрамат на чыноўнікаў, а матэрыял для сваіх кніг

У размове з Еўрарадыё Мікалай Чаргінец абверг існаванне ў яго “сакрэтнай папкі” з кампраматам на розных чыноўнікаў. Пры гэтым сенатар адзначыў, што вельмі назіральны, таму прататыпамі адмоўных характараў для яго кніг часам выступаюць даволі высокія чыноўнікі.
Член Савета рэспублікі Мікалай Чаргінец абверг існаванне ў яго “папкі з кампраматам” на розных чыноўнікаў. Інфармацыя пра гэта час ад часу з’яўляецца ў інтэрнэце. У размове з Еўрарадыё пісьменнік адзначыў, што ён “назіральны чалавек” і часам у характарах чыноўнікаў шукае сваіх будучых герояў.

“Я не збіраў кампрамат. Іншае справа, што калі думаеш пра тую або іншую кнігу, то падбіраеш некаторыя факты, якія могуць спатрэбіцца, каб быў цікавы сюжэт. Ёсць у мяне такія дэтэктывы, хаваць не буду, дзе мае героі адмоўнага характару сябе пазнаюць”.

Паводле слоў сенатара, некаторыя чыноўнікі з даволі высокіх ведамстваў пазнавалі сябе ў яго кнігах і спрабавалі адпомсціць.

“Пісалі і ананімкі, і гадасці, і даносы разнастайныя пісалі, і нагаворвалі. Але я ўжо браніраваны. Я магу даць адказ”.