Чэмпіён СССР па футболе 1982 года Юры Курненін памёр у сне

Зранку 30 ліпеня на 56-м годзе жыцця памёр чэмпіён Савецкага Саюза па футболе ў складзе мінскага "Дынама" Юры Курненін. Нядаўна ён вярнуўся з чэмпіянату Еўропы ў Швецыі, дзе быў галоўным трэнерам моладзевай зборнай Беларусі. Месяц Курненін нідзе не працаваў, а памёр у сне. Як нагадвае "Прессбол", Юры Курненін нарадзіўся ў 1954 годзе ў Маскоўскай вобласці. Як гулец выступаў за маскоўскае "Дынама" (1972-75) як нападнік і за мінскае "Дынама" (1976-87), дзе перакваліфікаваўся ў абаронцу. Майстар спорту СССР. Чэмпіён (1982) і бронзавы прызёр (1983) чэмпіянатаў СССР. У вышэйшай лізе чэмпіянатаў СССР правёў 265 матчаў, забіў 19 галоў (у тым ліку ў мінскім "Дынама" — 248/17).

Тройчы быў уключаны ў спіс 33 лепшых футбалістаў СССР (1982, 1983, 1984). Першы савецкі абаронца, які здзейсніў галявы хет-трык (30 кастрычніка 1982 года, у хатнім матчы супраць алмаацінскага "Кайрата" — 3:2). Аўтар першага еўкакубкавага гола беларускіх клубаў (14 верасня 1983 года, у хатнім матчы 1/16 фіналу Кубка чэмпіёнаў супраць швейцарскага "Грассхопера" — 1:0).

У 2006 годзе быў прызначаны галоўным трэнерам моладзевай зборнай Беларусі, з якой працаваў да завяршэння нядаўняга чэмпіянату Еўропы.