"Да чаго эфектыўна і хутка можна праводзіць рэформы ў аўтарытарнай краіне"

“Еўрарадыё” даведалася, ці вераць эксперты ў аўтарытарную лібералізацыю беларускай эканомікі. Артыкул “Пра беларускую камандную лібералізацыю” эканаміста Алеся Чайчыца, які працуе ў Фінансавай акадэміі пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі, выклікаў шмат водгукаў у экcпертаў і простых беларусаў. “Усё-такі да чаго ж эфектыўна і хутка можна праводзіць рэформы ў аўтарытарнай краіне. Узмах рукі — і працэдура рэгістрацыі маёмасці за год становіцца адной з найпрасцейшых у Еўропе, рэзка спрашчаецца выдача дазволу на будаўніцтва. Не трэба пераадольваць пратэсты апазіцыі ў парламенце, не трэба асцерагацца за тое, што нядбайныя дэпутаты зменяць законапраект да непазнавальнасці, што рэформа будзе раскрытыкаваная СМІ” – піша Алесь Чайчыц.

“Еўрарадыё” запрасіла аўтара артыкула Алеся Чачыца, аналітыка Юрыя Шаўцоваў, ды эканаміста Леаніда Заіка паразважаць пра магчымасць ліберальнай трансфармацыі аўтарытарнымі сродкамі.

Як гаворыць Еўрарадыё аўтар артыкула Алесь Чайчыц, рэформы ўжо ідуць, але яны хутчэй вымушаныя.



Алесь Чайчыц
: – Справаздача Ўсясветнага банку гаворыць, што ідуць рэальныя рэформы. Думаю, яны выкліканыя тым, што эканоміка далей функцыянаваць не можа. Таму будуць кіраваныя ліберальныя рэформы: здымуцца бар’еры у эканоміцы, у замежным гандлі, будзе прасцей займацца бізнесам.

Аднак, на думку эканаміста такія змены не будуць кранаць палітычнай сферы.

Алесь Чайчыц: Яны не азначаюць, што будуць дэмакратычныя выбары, свабода слова і правы чалавека. Але лібералізацыя эканомікі цягне за сабой патрэбу дэмакратызацыі палітычнай. Калі палітычнай дэмакратызацыі не адбываецца, гэта збіраецца, збіраецца і аднойчы выбухне.

На думку аналітыка Юрыя Шаўцова, у краіне неверагодна хуткімі тэмпамі пайшло тое, што называюць рынкавымі рэформамі.

Юры Шаўцоў: І гэта не выпадковасць, не сітуацыйнае нешта. Агульны трэнд у нас ясны: пераход да рынку паўсюль, ва ўсіх галінах. Але пад кантролем дзяржавы. Звычайна гэтая мадэрнізацыя (напрыклад, у Карэі, Сінгапуры ці пры шаху ў Іране) вядзецца за кошт дзяржавы, за кошт людзей. У нас раcходы на сацыяльную сферу ў бюджэце працягваюць займаць вялікі працэнт. Па-другое, у нас ідзе пераход у межах той тэхнасферы, якая засталася ў нас ад СССР. Мы не праходзілі праз стадыю істотнай дэіндустрыялізацыі. Па-трэцяе, наша мадэрнізацыя праходзіць за свой кошт. Галоўным інвестарам выступае дзяржава, а не знешнія інвестары.

Эканаміст Леанід Заіка асцярожна прагназуе, што гэта будзе нейкі эканамічны мікст.

Леанід Заіка: – Усе чакаюць цуду: Аляксандар Рыгоравіч апране сінюю кашулю і павесіць у кабінеце партрэт Мілтана Фрыдмана, а прэм’ер загаворыць па-ангельску і паабяцае правесці рэформы a-la John Maynard Keynes. Не, гэтага не адбудзецца. Для таго, каб лібералізаваць эканоміку, трэба ўзяць у рукі маёмасць. Беларуская эліта павінна канвертаваць палітычную ўладу ў эканамічную.

Беларускі прэзідэнт грае добры, дыхтоўны палітычны спектакль. Каб запрацаваў рынак, трэба адмовіцца ад сваіх шматлікіх абяцанняў. Таму будуць праявы ў духу лацінамерыканскага, карэйскага, буддыйскага, сінтаісцкага, сенегальскага сацыялізму, цэнтральна кіраваная эканоміка з элементамі рынкавай (так званая mixt economy). Такое ёсць зараз, яно такое і будзе.