ДАІ будзе караць кіроўцаў не толькі грашыма, але і штрафнымі баламі

На год ДАІшнікі прапануюць выдзеліць кіроўцам “крэдыт” у 25 балаў і за кожнае парушэнне правілаў дарожнага руху спаганяць з парушальніка не толькі грашовы штраф, але і здымаць пэўную колькасць балаў. Калі да канца года ў запасе не застанецца ніводнага бала, правы кіроўцы анулююцца. Каб іх аднавіць, трэба будзе наноў вучыцца і здаваць іспыты. Як паведаміў Еўрарадыё начальнік упраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Мендзелеў, у іх будзе створана спецыяльная працоўная група, якая будзе вырашаць, колькі балаў будзе “каштаваць” тое ці іншае парушэнне.

Аляксандр Мендзелеў: “Гэта будзе не за ўсе, а толькі за тыя віды парушэнняў, якія прафілактуюць здарэнні. А колькі балаў здымаць – адзін, два, – па кожным парушэнні будзе асобна абмяркоўвацца. Яшчэ толькі саму канцэпцыю будзе распрацоўваць працоўная група”.

Начальнік беларускай ДАІ спасылаўся на міжнародны вопыт такой бальнай сістэмы пакарання парушальнікаў. Але ўдакладніў, што падчас распрацоўкі беларускай канцэпцыі штрафавання баламі будуць улічвацца “нацыянальныя” асаблівасці. Праўда, якімі “нацыянальнымі асаблівасцямі” адрозніваюцца беларускія кіроўцы, не патлумачыў.

Аляксандр Мендзелеў: “Будзе ўлічвацца вопыт іншых краін, але ўсё адно, усё будзе зроблена з улікам нашых асаблівасцяў і ўсяго іншага”.

Па яго словах, штрафныя балы не адмяняюць грашовага пакарання. І калі кіроўцу спынілі за непрышпілены пас бяспекі, то з яго і балы знімуць, і запатрабуюць выплаціць 31 тысячу рублёў. Начальнік ДАІ кажа, што страціць усе балы, якія былі выдзеленыя кіроўцу на год, можна нават не здзейсніўшы ніводнага сур’ёзнага парушэння. Дастаткова, каб вас пастаянна спынялі толькі за непрышпілены пас бяспекі. Таму бальная сістэма, мяркуе ён, накіраваная супраць парушальнікаў-рэцыдывістаў.

Аляксандр Мендзелеў: “Для законапаслухмянага кіроўцы ў гэтай бальнай сістэме нічога страшнага няма. Нават для таго чалавека, які рэдка парушае правілы, няхай два ці тры разы на год, гэта таксама ніяк не адбіваецца на бальнай сістэме. Гэта накіравана супраць тых, хто па 10-15 разоў парушае правілы і ніяк не хоча паводзіць сябе прыстойна на дарогах краіны”.

Але гадавы ліміт у 25 балаў, па задумцы ініцыятараў увядзення такой сістэмы пакарання, тычыцца толькі кіроўцаў з багатым стажам кіравання аўтамабілем. “Маладым” кіроўцам гэтых балаў плануюць даць менш. Колькі -- пакуль дакладна не вядома, але папярэдне ў ДАІ кажуць усяго пра 15 балаў на год. Не вызначыліся ў ДАІ і з якім стажам кіравання аўтамабілем кіроўца будзе лічыцца “маладым” – са стажам у 1 ці 2 гады кіравання аўтамабілем…

Аляксандр Мендзелеў: “Вадзіцелі са стажам да года, але нам падаецца, што лепш да 2 гадоў, лічацца “маладымі”. Яны павінны з меншымі хуткасцямі ездзіць, пакуль практыкі дастаткова не набудуць”.

Па словах начальніка ДАІ, той, хто на працягу года згубіў усе балы, губляе і пасведчанне кіроўцы. Каб яго аднавіць, неабходна будзе наноў прайсці медкамісію, адвучыцца на курсах і здаць іспыты ў ДАІ. Таму, у каго застаўся хоць 1 бал, у наступным годзе ізноў вяртаюцца ўсе 25.

Наколькі такая сістэма патрэбная і ці будзе ад яе карысць на дарогах, Еўрарадыё запыталася ў кіраўніка школы экстрэмальнага кіравання аўтамабілем Сяргея Аўчыннікава. На яго думку, увядзенне штрафных балаў -- навіна для кіроўцаў непрыемная, але яна будзе дысцыплінаваць кіроўцаў.

Сяргей Аўчыннікаў: “Як кіроўцу мне не хацелася б, каб такая сістэма ўводзілася, але з пункту погляду дысцыпліны – гэта абмяжоўвае і стрымлівае”.

Перш чым бальная сістэма штрафаў будзе ўведзена, прапановы ДАІшнікаў павінен будзе зацвердзіць парламент. Бо гэтыя новаўводзіны прадугледжваюць змены ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Таму казаць, калі балы пачнуць дзейнічаць, сёння немагчыма.

Фота - Photo.ByMedia.net