Дрон, які ўдарыў па аўтобусе, павінен быў запускацца з Бранскай вобласці — ваенны эксперт

Аўтобус, які пацярпеў ад дронавай атакі

Аўтобус, які пацярпеў ад дронавай атакі / Ягор Кавальчук

Дрон, ад якога пацярпеў аўтобус з беларускімі юнымі футбалістамі, не мог быць запушчаны з тэрыторыі Украіны. Гэта сцвярджае ўкраінскі ваенны эксперт Аляксандр Каваленка, які прааналізаваў фатаздымкі з месца падзеяў.

Каваленка звяртае ўвагу на месца, дзе адбылася атака: траса А-240 і Почапскі раён размяшчаюцца на адлегласці ад Украіны больш як 60 км.

"Па характары пашкоджанняў можна зрабіць выснову, што гэта быў маламоцны fpv-дрон. Не middle-strike дрон тыпу, напрыклад, Hornet, а менавіта маломоцны сродак паражэння. І, гэта самае цікавае!

Fpv-дрон лятае на адлегласці да 20 км, а на оптавалакне ў сярэднім да 40 км. Акрамя таго, запускаецца дрон з закрытай пазіцыі для бяспекі аператара — гэта значыць, з улікам бяспечнай зоны яшчэ да мінімум 5 км.

Такім чынам, украінскі FPV-дрон ніяк не мог бы заляцець з тэрыторыі Украіны і нанесці ўдар па аўтобусе ў больш чым 60 км ад мяжы, бо яму для гэтага трэба было б пераадолець больш за 65 км", — піша Каваленка.

Ён дадае, што оптавалаконны беспілотнік мусіў быць запушчаны з тэрыторыі Пагарскага раёна Бранскай вобласці, а звычайны fpv-дрон — з таго ж самага Почапскага раёна Браншчыны

"Я не памятаю, каб Украіна на сёння кантралявала такую б плошчу і глыбіню Бранскай вобласці. А калі ўявіць сабе пранікненне нейкай ДРГ, то ім давялося б пераадолець ад 20 да 40 км дастаткова добра патруляванай і кантраляванай зоны ў Бранскай вобласці. І ўсё дзеля чаго? Каб нанесці ўдар fpv-дронам па аўтобусе з дзецьмі? Хоць усё тое ж самае можна было б зрабіць middle-strike дронам", — адзначае аналітык.

Таксама ён звяртае ўвагу на палітычныя, а не тэхнічныя моманты. На днях Лукашэнка ў інтэрв'ю папрасіў прабачэння ў Зяленскага і падкрэсліў, што не плануе нападаць на Украіну. Гэта, на думку Каваленкі, магло быць хваравіта ўспрынята ў Крамлі і паслужыць матывам для правакацыі: "Пасля ўдару па аўтобусе з дзецьмі і заяваў расійскага боку, што гэта зрабілі ўкраінцы, Лукашэнка павінен будзе на гэта адрэагаваць". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.