70% мастакоў у чорных спісах — мастак Сяргей Грыневіч

Сяргей Грыневіч

Сяргей Грыневіч / фота з архіву мастака

Гродзенец Сяргей Грыневіч — адзін з самых пазнавальных беларускіх мастакоў. Сёлета яго творы ўдзельнічалі ў беларускім недзяржаўным праекце на Венецыянскай біенале.

Апошнія гады Грыневіч жыве па-за Беларуссю. У інтэрв'ю "Нашай Ніве" ён расказаў, што на радзіме на яго творы накладзеная забарона.

"Татальная забарона пачалася ў 2022 годзе. У мяне якраз пасля пачатку вайны ва Украіне была вялікая персанальная выстава ў Мінску, у Палацы мастацтваў. Людзей прыходзіла вельмі шмат. Спачатку частку прац забаранілі яшчэ на этапе падрыхтоўкі. Потым выставу ўвогуле закрылі — яна праіснавала толькі тыдзень", — згадвае мастак.

Пасля гэтага ён, як кажа, "трапіў ва ўсе магчымыя чорныя спісы". Зрэшты, Грыневіч мяркуе, што пад той ці іншай забаронай на сёння знаходзяцца 70% мастакоў у Беларусі.

Пасля забароны яму стала немагчыма выстаўляць карціны ў Беларусі. А за мяжой можна выстаўляць толькі "бяспечнае" — як акрэсліў сам творца, "карцінкі на продаж".

"А тое, што сапраўды адпавядала мне як мастаку, паказваць было небяспечна. Бо тады вяртанне ў Беларусь магло б стаць немагчымым".

Грыневіч кажа, што адчуў расчараванне ў калегах пасля падзеяў 2020 года. Асабліва гэта датычыць творчых арганізацый:

"Пасля 2020 года аказалася, што некаторыя мастакі сталі шчыльнымі радамі ў абарону, так бы мовіць, усеагульных каштоўнасцей. Некаторыя людзі аказаліся слабымі. Для іх было прасцей пайсці на татальнае супрацоўніцтва з сістэмай. Гэта датычыць у першую чаргу нашых мастацкіх арганізацый. Яны сталі чырвона-зялёнымі. Гэта відаць: зайдзіце на сайты — і ўсё ўбачыце".

Ён мяркуе, што гэта можна разглядаць як спосаб выжывання і спробу захаваць творчыя саюзы. У іншым разе ўлады маглі б падзяліць саюз мастакоў ці забараніць яго, як гэта адбылося раней з Саюзам пісьменнікаў.

Сам Грыневіч цяпер жыве на Кіпры. Пазней, магчыма, пераедзе ў Швейцарыю: "Я проста важу з сабой валізку фарбаў. Буду працаваць. А што яшчэ рабіць? /.../ Я нічога не вывозіў з Беларусі. Майстэрня, дом, сям’я — усё засталося там".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.