Дунаеў: Нават гарвардскі дыплом у Беларусі будзе мець праблемы з прызнаннем

Беларусі выгадна мець балонскую мадэль адукацыі. Але нават эканоміка адступае перад палітыкай. Што такое балонскі працэс і чаму Беларусь да яго так і не далучылася — адказвае заснавальнік ЕГУ, былы прарэктар універсітэта Уладзімір Дунаеў
Усе разважаюць пра Балонскую сістэму вышэйшай адукацыі, але што гэта, здаецца, ніхто дакладна не ведае. Што гэта?

Дунаеў:
Балонская сістэма насамрэч сістэмай з’яўляецца толькі ў двукоссі: на самой жа справе гэта працэс. Фактычна ягоны пачатак адносіцца да 1998 года, калі ў Парыжы, у Сарбоне, была падпісаная так званая Сарбонская дэкларацыя. Яе падпісалі чатыры міністры адукацыі — Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Германіі. І гэта была дэкларацыя аб гарманізацыі архітэктуры вышэйшай адукацыі ў Еўропе.

Пасля адбыўся скандал. Астатнія краіны Еўрапейскага Саюзу проста абураліся: яны палічылі, што чатыры найбуйнейшыя еўрапейскія краіны ігнаруюць інтарэсы малых краінаў і навязваюць ім нейкую адзіную сістэму адукацыі.

Таму праз год, ужо ў Балоньі, была падпісаная Балонская дэкларацыя, якая пазбягала тэрміналогіі “гарманізацыя архітэктуры” і карысталася тэрмінам “адзіная прастора вышэйшай адукацыі Еўропы”. Гэтую дэкларацыю падпісала 29 краінаў, а на сённяшні дзень да яе далучыліся ўжо 46 краінаў. Усе еўрапейскія краіны былога СССР далучыліся да гэтага працэса. Некаторыя азіяцкія рэспублікі таксама супрацоўнічаюць, але фармальна не ўваходзяць у Балонскі клуб.

Навошта было ствараць адзіную прастору вышэйшай адукацыі, калі ў кожнай краіны былі свае моцныя бакі?

Еўрапейскія універсітэты прайгравалі ў канкурэнтнай барацьбе універсітэтам ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Канады... І адчуванне таго, што пазіцыі вышэйшай адукацыі ў Еўропе становяцца ўсё больш слабымі, падштурхнула палітыкаў задумацца пра лёс вышэйшай адукацыі.

Я падкрэсліваю, што палітыкаў, а не акадэмікаў. Менавіта палітыкі ініцыявалі Балонскі працэс! Пра гэта часам кажуць, што Балонскі працэс — гэта палітычная інтэрвенцыя, а не акадэмічная ініцыятыва.

Калі палітыкі тут нават больш, чым адукацыі — якія палітычная праблемы вырашаў Балонскі працэс?

Апроч таго меркавалі стварыць адзіны рынак працы, меркавалася таксама, што гэта будзе інструментам стварэння найбольш канкурэнтаздольнай, самай перадавой еўрапейскай эканомікі ведаў, якая б магла канкурыраваць з японскай і амерыканскай.

Таксама гаворка ішла пра інтэрнацыяналізацыю еўрапейскай адукацыі як сістэмы імпарта замежных студэнтаў. Важна памятаць, што Балонскі працэс — гэта праект, які мае пачатак і канец. Калі ён фармальна стартаваў у 1999 годзе, то ён павінен закончыцца да 2010 года, ужо вельмі хутка. Пасля 2010 года працэс інтэграцыі адукацыі ў Еўропе працягнецца, але гэта ўжо будзе нейкі новы працэс.


Беларусь не прызнае нават дыплом з Гарварду


Зразумела, што мы ўжо не паспеем паўдзельнічаць. А чаму Беларусь дагэтуль не падпісала дэкларацыю?

Таму што палітыка адукацыі ў Беларусі змянілася, арыенціры былі цалкам іншыя: не на інтэграцыю ў еўрапейскую прастору, а на ізаляцыю ад еўрапейскай прасторы. Ну і сёння Беларусь, натуральна, далей ад Балонскага працэсу, чым яна была ў 2004 годзе.

А што нам дае тое, што мы не ўдзельнічаем у Балонскім працэсе? Магчыма, ёсць логіка: так мы пазбегнем уцечкі мазгоў у іншыя краіны Еўропы...

Я думаю, што такі матыў таксама мог быць, хаця насамрэч матывы тут ўсё ж палітычныя. Гэта частка агульнай палітыкі самаізаляцыі Беларусі.

Цікава, што ў 2004 годзе была пастанова Савета Міністраў аб пераходзе на балонскую мадэль адукацыі. І закон аб адукацыі быў адрэдагаваны пад гэта. Праводзіўся эксперымент па ўвядзенні двухступеньчатай мадэлі вышэйшай адукацыі (бакалаўр-магістр). Беларусь рухалася ў гэтым накірунку досыць паслядоўна, але ў 2004 годзе была пастаўленая кропка.

Насамрэч запатрабаванасць у тым, каб інтэрнацыяналізаваць сістэму адукацыі ў Беларусі, ёсць. Бо вышэйшая адукацыя — гэта яшчэ велізарны рынак адукацыйных паслуг. І прыцягненне замежных студэнтаў, асабліва азіяцкіх — гэта вельмі прывабная перспектыва для вышэйшай адукацыі многіх краінаў. Гэта дзесяткі і дзесяткі мільёнаў студэнтаў! Дзеля якіх ў некаторай ступені і задумвалася гэтая Балонская рэформа.

Беларусь таксама хацела б атрымоўваць замежных студэнтаў. У 2007 годзе была прынятая праграма экспарта адукацыйных паслуг. Меркавалася, што паводле гэтай праграмы Беларусь зможа прыцягнуць замежных студэнтаў з краінаў Азіі і атрымаць за кошт гэтага досыць заўважнае павелічэнне свайго бюджэту.

Але прыцягнуць замежных студэнтаў у сістэму, якая па сутнасці ізалюе сябе ад астатняга свету, нерэальна.

Яшчэ пытанне ў тым, штó гэтыя студэнты рабілі б пасля з гэтай адукацыяй?

Ведаеце, увогуле пытанне пра прызнанне дыпломаў і адукацыі — гэта пытанне досыць складанае. Насамрэч любы дыплом, любую адукацыю можна пэўным чынам прыраўняць да нейкай іншай. Але Беларусь робіць гэты працэс максімальна складаным. Беларусь не хоча прызнаваць дыпломы ці ступені, атрыманыя ў іншых краінах. Нават у тых краінах, з якімі ў нас існуюць вельмі цесныя стасункі — дапусцім, расійскія дыпломы бакалаўра. Таму лагічна, што і беларускія дыпломы не будуць прызнавацца за мяжой.

Насамрэч, беларуская сістэма адукацыі цалкам можа інтэгравацца ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Для гэтага неабходна, канечне, правесці даволі сур’ёзныя рэформы, але гэта цалкам рэальна. Але тут шмат што залежыць ад палітычнай волі.


Беларусі выгадна мець балонскую мадэль. Але нават эканоміка адступае перад палітыкай


Але, паводле логікі, дзяржава не павінна быць зацікаўленая, каб заставацца ізгоем! Таму што, напрыклад, калі беларускі студэнт паехаў вучыцца за мяжу, атрымаў там добрую адукацыю і захацеў вярнуцца на радзіму — то што яму тут свеціць? У чым сэнс для дзяржавы не далучацца да гэтага працэсу, калі пасля свая ж моладзь з добрай еўрапейскай адукацыяй не зможа вярнуцца і працаваць тут, на радзіме?

Вы цалкам маеце рацыю, і вы ж разумееце, што гэтае пытанне не акадэмічнае, а палітычнае. Сёння ў нас дагэтуль няма ні празрыстых працэдур прызнання, ні шмат у чым жадання прызнаваць дыпломы, ступені, якія былі атрыманыя за мяжой.

Няўжо не будзе прызнаны ў Беларусі нават дыплом з Гарварду?

Як бы дзіўна гэта ні гучала, але гарвардскі дыплом бакалаўра будзе такой жа праблемай для беларускіх уладаў, як і дыплом якога-небудзь Грэнд кэньён юніверсіці, пра які ніхто не ведае. Праблема ў тым, што Беларусь не толькі не знайшла механізмаў адкрытасці, але нават і не шукае... Таму што прызнаваць чужыя дыпломы — гэта шмат у чым знак адкрытасці нашай уласнай сістэмы адукацыі. Не толькі сістэмы адукацыі, а і самога грамадства.

Ці ёсць у Беларусі такія інстытуты, якія фармальна працуюць паводле еўрапейскіх стандартаў, нягледзячы на тое, што фактычна мы не далучаемся да Балонскага працэсу?

Не, такога ў нас няма і быць не можа. Ёсць Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, універсітэт у выгнанні, які ў прынцыпе працуе ў адпаведнасці з балонскімі правіламі, але ўнутры Беларусі такое немагчыма. Парадокс у тым, што ў эканамічным сэнсе Беларусі куды больш выгадна было б мець гэтую балонскую мадэль. Але нават эканоміка адступае перад патрабаваннямі палітыкі.

Давайце ўявім, што мы далучыліся да Балонскага працэсу. Якія мы зможам з гэтага мець плюсы?

Самы галоўны плюс — гэта адчуванне сваёй спрычыненасці да адзінай прасторы вышэйшай адукацыі, адчуванне сябе не “па-за”, а ўнутры еўрапейскай прасторы. Безумоўна — гэта магчымасці, звязаныя з мабільнасцю студэнтаў. Гэта магчымасць сур’ёзным чынам пашырыць свой досвед і атрымаць веды, навыкі для беларускай моладзі, якая магла б навучацца ў еўрапейскіх універсітэтах. Апроч гэтага, калі мы хочам зрабіць нашую адукацыю прывабнай для замежных студэнтаў, то гарманізацыя архітэктуры проста непазбежная.


Каб падрыхтаваць майстра на вытворчым участку, не трэба яго навучаць пяць год


Магчыма, насамрэч савецкая сістэма настолькі эфектыўная, што нам і не трэба далучацца да Балонскага працэсу?

Ведаеце, магчыма, і ў старажытным Егіпце былі эфектыўныя метады стварэння чагосьці. Але гэта не значыць, што мы павінны і сёння іх выкарыстоўваць. Усё павінна рабіцца своечасова. А калі мы будзем увесь час вяртацца да таго, што ўжо сваё аджыло, нічога добрага з гэтага не атрымаецца.

Акрамя таго, колькі б мы ні казалі пра поспехі савецкай вышэйшай адукацыі, варта прызнаць, што і там існавала шмат праблемаў. Проста сёння ніхто не хоча ўспамінаць пра той глыбокі крызіс вышэйшай адукацыі, які існаваў у СССР — бессэнсоўныя, неэфектыўныя растраты рэсурсаў на падрыхтоўку кадраў.

Тады гаворка ішла нават пра тое, што тэхнічную адукацыю трэба перавесці на двухступеньчатую мадэль, якую мы сёння абазначаем як балонскую. Для таго каб падрыхтаваць майстра на вытворчым участку, не трэба яго навучаць пяць год — дастаткова тры гады.

Па сутнасці, праблемы савецкай вышэйшай адукацыі былі відавочнымі. І гэтая ідэалізацыя з’яўляецца больш ідэалагічным ходам, а не рэальнай ацэнкай адукацыі. Таму натуральна, што калі вы выкарыстоўваеце старыя, неэфектыўныя інструменты для вырашэння новых праблемаў, то не варта чакаць, што ў вас будуць поспехі ў гэтай справе.

А якія віды нашай адукацыя цэняцца за мяжой? Напрыклад, вельмі цэняцца за мяжой беларускія праграмісты. Настолькі, што там нават гатовыя заплюшчыць вочы на несупадзенне нашых сістэмаў адукацыі...

Так і ёсць, але гэта амаль выключна толькі праграмісты.

І ўсё?

Вы ведаеце, вось дзесьці ў 2002-2003 годзе мы спрабавалі ацаніць, наколькі вышэйшая адукацыя ў Беларусі спрыяе інавацыйнаму развіццю беларускай прамысловасці. Атрымалася, што большасць нашых тэхнічных ВНУ рыхтуюць спецыялістаў учорашняга дня. Яны абсалютна не арыентаваныя на інавацыйныя тэхналогіі. А вось што тычыцца спецыялістаў у сферы IT-тэхналогій — яны цалкам паспяхова канкурыруюць.

Але тут варта вось на што звярнуць увагу: фактычна, калі мы возьмем спецыяліста, падрыхтаванага паводле бакалаўрскай праграмы, то на ягоную падрыхтоўку насамрэч дастаткова 4-х год. А калі мы 5 год рыхтуем спецыяліста, які займае пазіцыю, што займае бакалаўр, то мы тым самым бессэнсоўна растрачваем свае рэсурсы, у тым ліку фінансавыя. Вось у гэтым і ёсць адна з асаблівасцяў сённяшняй сітуацыі. Па сутнасці, першая ступень вышэйшай адукацыі ў еўрапейскіх краінах абмяжоўваецца 3-4 гадамі, а ў нас яна як правіла пяцігадовая.


Магчымасці беларускіх студэнтаў за мяжой — смешныя


Якія сёння існуюць магчымасці для беларускіх студэнтаў у Еўропе? Дзе найбольш паспяхова навучаюцца нашыя студэнты?

Гэта даволі цяжкае пытанне. Перш за ўсё я хачу сказаць, што ў Еўропе існуюць праграмы студэнцкай мабільнасці. Перш за ўсё гэта вядомая праграма "Эразмус". На жаль, беларусы да апошняга часу не мелі доступу да гэтай праграмы. Для грамадзянаў краінаў-суседзяў існавалі іншыя праграмы: спецыяльныя праграмы для Беларусі, Украіны і Малдовы. Але яны вельмі сціплыя ў параўнанні з праграмай "Эразмус".

Па сутнасці, яны дазваляюць працягнуць адукацыю ў замежных ВНУ. Згодна з гэтымі праграмамі студэнт можа выехаць у еўрапейскі універсітэт на адзін семестр, часам на год, атрымаць там веды... І ў адпаведнасці з хартыяй, якую падпісваюць абодва ўніверсітэты, у яго родным універсітэце павінны прызнаць вынікі адукацыі. Але гэта вельмі і вельмі сціплыя праграмы для краінаў Усходняй Еўропы.

Пакуль Беларусь ў маргінальным статусе. Тыя магчымасці, якія маюць беларускія студэнты для адукацыі за мяжой, проста смешныя.


Фота Юры Сідуна (generation.by)

Гутарыла Наста Ігнатовіч