Дзмітрыя Шурхая пасля 5 сутак арышту судзяць ізноў у Мінску
Давераную асобу кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага з Брэста Дзмітрыя Шурхая, які быў абвінавачаны 22 снежня ў "непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі", пасля арышту затрымалі ў Брэсце і даставілі ў Мінск. Зараз яго вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгу 19 снежня. Разгляд адміністратыўнай справы пройдзе сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна"
Нагадаем, 22 снежня па 5 сутак адміністратыўнага арышту атрымалі трое жыхароў Брэста – давераныя асобы апазіцыйных кандыдатаў, якія былі затрыманыя напярэдадні, ў 22.40. Бакура Юрыя і Андрэя Шарэнду супрацоўнікі міліцыі абвнавацілі ў "лаянцы матам". Таксама 5 сутак атрымаў Дзмітрый Шурхай, які быў абвінавачаны ў "непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі". Рашэнне аб арышце актывістаў выбарчай кампаніі прымала суддзя Іна Ціўнова - суд Маскоўскага раёну г. Брэста.