Экс-дырэктара “Ждановічаў” абавязалі выплаціць дзяржаве 31 мільён долараў

Крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара рынка "Ждановічы" Яўгена Шыгалава будзе спынена, калі ён выплаціць больш за 31 мільён долараў. У такую суму ацэньваецца шкода, нанесеная ім прыродзе.
Як адзначае “Інтэрфакс” са спасылкай на праваахоўныя органы краіны, гэта, бадай, самая буйная шкода ў гісторыі Беларусі, нанесеная прадпрымальнікам прыродным рэсурсам краіны.

Як паведамляў раней міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, “Шыгалаў вярнуў частку сумы. Распрацаваны графік, па якім ён будзе вяртаць астатнюю суму”. Аднак колькі грошай ужо вярнуў прадпрымальнік, трымаецца ў сакрэце.

У праваахоўных органах заўважылі, што "існуе верагоднасць таго, што зямлю, пра якую ідзе гаворка ў матэрыялах крымінальнай справы, могуць пакінуць рынку "Ждановічы".

Нагадаем, Яўген Шыгалаў, яго намеснік і дзяржаўны чыноўнік былі затрыманыя ў Мінску 5 красавіка мінулага года. Дырэктара “Ждановічаў” абвінавацілі ў “Злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі”. Летам яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.