Еўракамісар: "Патрэбна дадатковая прапрацоўка беларускага пытання"

Еўракамісар па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства ЕС Беніта Ферэра-Вальднер патлумачыла прычыну пераносу свайго візіту ў Мінск на красавік. Як паведамляе Радыё Свабода, у размове з беларускімі палітыкамі Анатолем Лябедзькам і Аляксандрам Казуліным у Страсбургу яна сказала, што "патрэбная дадатковая прапрацоўка беларускага пытання". Нагадаем, візіт планаваўся на 12-13 сакавіка, але ўчора было паведамлена пра яго перанос. У размове з Еўрарадыё прэс-сакратар прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Ўкраіне Давід Стулік адзначыў, што прыезд Ферэра-Вальднер перанесены з-за перагружанага працоўнага графіку.

Аднак палітолаг Юрый Дракахруст у інтэрв'ю БелаПАН выказаў меркаванне, што прычынай маглі стаць унутрыпалітычныя супярэчнасці краін ЕС па беларускім пытанні. Паводле яго слоў, "у апошнія тыдні ў Еўропе абвастрыліся спрэчкі наконт таго, як узаемадзейнічаць з Беларуссю, у якім фармаце яе запрашаць да ўдзелу ў праграме "Ўсходняе партнёрства", ці запрашаць Лукашэнку ў Прагу на саміт".

Як паведамляе агенцтва Франс Прэс, Еўракамісія перанесла візіт у Беларусь еўракамісара пасля таго, як атрымала сігнал з Мінску, што сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам можа не адбыцца.