Форум грамадзянскай супольнасці звярнуўся да еўрапейскіх структур

Прадстаўнікі нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супальнасці праграмы "Ўсходняе партнёрства" падалі зварот да ўрадаў еўрапейскіх краін, Міжнародных арганізацый (Рады Еўропы, ААН, АБСЕ), у Еўрапейскую камісію, Еўрапейскі парламент, Раду Еўрасаюза. У звароце прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці просяць еўрапейскія структуры прыкласці ўсе магчымыя дыпламатычныя высілкі для спынення неправавых і амаральных дзеянняў беларускіх улад у адносінах да ўдзельнікаў мірных пратэстаў 19-20 снежня.

Прадстаўнікі нацыянальнай платформы заклікаюць еўрапейцаў прыпыніць працэс удзелу ўлад Беларусі ў праграме "Ўсходняе партнёрства", а таксама дзеючыя міжурадавыя праграмы тэхнічнай дапамогі ў вобласці эканомікі, энергетыкі і трансмежнага супрацоўніцтва, да спынення крымінальнага пераследу і іншых неправавых дзеянняў у дачыненні кандыдатаў у прэзідэнты і затрыманых грамадзянскіх актывістаў.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці заклікаюць стварыць міжнародную камісію для празрыстага і аб'ектыўнага расследавання падзей 19–20 снежня і прыцягнення да адказнасці рэальных вінаватых.

Грамадскія актывісты просяць еўрапейскія структуры звярнуцца да міністра замежных спраў, міністра адукацыі і міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі з заявай пра недапушчальнасць практыкі адлічэнняў студэнтаў і навучэнцаў з навучальных устаноў Беларусі, а таксама звальненняў з працоўных месцаў у сувязі з удзелам у мірных акцыях пратэсту і немагчымасці працягваць супрацоўніцтва з Беларуссю ва ўсіх абласцях у выпадку такіх адлічэнняў.

Заклікаюць узмацніць рэгулярныя кантакты і дыялог арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі з рознымі еўрапейскімі суб'ектамі, а таксама адмяніць консульскі збор для грамадзян Беларусі пры атрыманні шэнгенскай візы ў пасольствах краін Еўрасаюза у Беларусі.

фота: Tut.by