Футбаліст "Нафтана" папрасіў прабачэння, але барысаўскі БАТЭ яго не прыняў

Футбаліст наваполацкага "Нафтана" Філіп Рудзік праз газету "Прессбол" папрасіў прабачэння ў балельшчыкаў, кіраўнікоў, гульцоў і трэнерскага штабу барысаўскага БАТЭ.  Такім чынам ён спрабуе рэабілітавацца пасля свайго выказвання напярэдадні кубкавага паядынка з барысаўчанамі пра тое, што суддзі, нібыта, дапамагаюць БАТЭ. У штабе барысаўскага клуба былі раз'юшаныя такой заявай. На футбаліста Федэрацяй футбола можа быць накладзенае дысцыплінарнае спагнанне.

Аднак сёння кіраўніцтва ФК БАТЭ не прыняло прабачэнняў Рудзіка, выкладзеных "у той форме, у якой яны былі прынесеныя ў сённяшнім нумары газеты "Прессбол". Пра гэта паведаміў афіцыйны сайт барысаўчан.