Георгій Свірыдэнка ачоліў мужчынскую зборную Беларусі па гандболе

Новым галоўным трэнерам мужчынскай зборнай Беларусі па гандболе зацверджаны Георгій Свірыдэнка. Ён змяніў на гэтай пасадзе славутага трэнера Спартака Мірановіча, які нядаўна адзначыў свой 70-гадовы юбілей.
Свірыдэнку 45 гадоў, ён - заслужаны майстар спорту. У 1980-я Георгій Свірыдэнка выступаў за мінскі СКА, у яго складзе неаднаразова станавіўся чэмпіёнам СССР, уладальнікам еўрапейскіх кубкаў, у складзе зборнай Савецкага Саюза ў 1988 годзе выйграў золата сеульскай Алімпіяды. У апошнія гады Свірыдэнка жыў у Нямеччыне, дзе трэніраваў мясцовыя клубы.

У трэнерскі штаб зборнай таксама ўвайшлі Леанід Бразінскі і Андрэй Барбашынскі, начальнікам каманды стаў яшчэ адзін вядомы ў мінулым гандбаліст Ігар Папруга.

Нагадаем, што ў лістападзе беларускія гандбалісты стартуюць у адборачным турніры чэмпіянату Еўропы 2010 года. Іх супернікамі па 5-й кваліфікацыйнай групе будуць зборныя Балгарыі, Нямеччыны, Ізраіля і Славеніі.

БЕЛТА