Хэлоўін у Лондане: сям’я Дракулы, чэрці і вампіры (фота)

Так сёлета ў Лондане адзначалі Хэлоўін – свята ўсіх святых. Нам пашчасціла пабываць на яго радзіме.

Дзевяць гадзінаў вечара 31 кастрычніка. Самы разгар нацыянальнага брытанскага свята Хэлоўін. Мы стаім каля клуба, дзе будзе адбывацца святкаванне Хэлоўіну. Тут вельмі вялізная чарга. Ёсць тут і паляўнічыя на прывідаў, і чорцікі, і самі прывіды. Зараз мы паспрабуем выхапіць з гэтай чаргі каго-небудзь, падыйсці да яго і запытаць, што яны тут робяць.



ЕРБ: Чаму вы стаіце ў гэтай велічэзнай чарзе?

Вядзьмарка: Таму што на Хэлоўін прыкольна весяліцца і апранацца ў касцюмы. Гэта весела, але можа быць і страшна.
ЕРБ: Як доўга вы збіраецеся прастаяць у гэтай чарзе?
Вядзьмарка: Спадзяюся, каля паўгадзіны. Таму што нам вельмі важна туды патрапіць і павесяліцца.
ЕРБ: Я чытала, што ў гэты дзень вы ходзіце па дамах і просіце людзей выступіць альбо адкупіцца пачастункам. Што яны звычайна робяць?
Вядзьмарка: Яны звычайна даюць пачастунак – цукеркі, печыва і ўсё такое.



ЕРБ: Чаму вы тут стаіце? Што гэтае свята значыць для вас?
Алекс: Мы стаім у вельмі доўгай чарзе, каб патрапіць у “Лонданскі астрог” – самае страшнае месца ў Лондане. Таму што гэта Хэлоўін, мы хочам, каб нас напужалі. Потым мы пойдзем на вечарыну, будзем самі ўсіх пужаць і пужацца. Але вам трэба пастарацца, каб мяне напужаць, бо я не з пужлівых.
ЕРБ: Скажыце, хто сёння вы і вашыя сябры?
Алекс: Гэта Дракула і яго жонка. Гэта слуга д'ябла, вампір. А я – герой фільма “Завадны апельсін”. Прыкольна пужаць людзей ў падземцы. Бо яны не могуць нікуды падзецца.
ЕРБ: Хто-небудзь злуецца на вас, калі вы іх пужаеце?
Алекс: Не, таму што гэта Хэлоўін. Калі яны злуюцца, значыць яны дурні, бо не разумеюць, што адбываецца. Калі вы паспрабуеце зрабіць гэта заўтра, будзе зусім іншая гісторыя. Але сёння гэта даравальна.



Мы вырашылі троху адысці ад чаргі і паглядзець, што адбываецца далей. І тут ужо менш прыгожых, размаляваных людзей. Усе больш шэрыя і звычайныя. Вось мы прыкмецілі аднаго мужчыну. І зараз падыдзем да яго і запытаем, чаму ён не стаіць у гэтай даўжэзнай чарзе і чаму не святкуе Хэлоўін.

“Мне ўсё роўна: Хэлоўін гэта ці не. Я не англічанін. Я бразілец. У Бразіліі таксама ёсць Хэлоўін. Але там яго не святкуюць так, як тут”.
“Мы не святкуем. А што, сёння Хэлоўін?”
“Сёння Хэлоўін”.
“О, я не ведаў”.
“Аааррррр!!!”





Фота аўтарак