Іосуб: Падзенне еўра не закране беларусаў і беларускую эканоміку
Але спажыўцы еўрапейскіх тавараў і тыя, хто ездзіць на закупы ў Літву і Польшчу выйграюць.
На Беларускай валютна-фондавай біржы 12 сакавіка ўсталяваліся новыя курсы валют. Цяпер еўра даражэй долара на 900 рублёў. На міжнародных біржах еўра працягвае падаць у дачыненні да долара. За 3 месяцы курс упаў з 1,25 да 1,05 еўра за долар.
Як патлумачыў Еўрарадыё фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб, на беларускай эканоміцы падзенне еўра не адаб’ецца.
Вадзім Іосуб: “Асноўны экспарт Беларусі ў Еўропы — нафатпрадукты. Яны прадаюцца за долары. Астатніх прадуктаў на экспарт ў Еўропу зусім няшмат. Наўпростых наступстваў ад гэтага я не чакаю. Спажыўцы еўрапейскіх тавараў выйграюць, бо адносна да беларускага рубля еўрапейскія тавары патаннелі”.
Па выніку таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы долар зараз каштуе 15 070, еўра — 15 970.