Карпенка: У Беларусі сістэму адукацыі чакаюць пакрокавыя змены

Карпенка: У Беларусі сістэму адукацыі чакаюць пакрокавыя змены

У Беларусі сістэму адукацыі чакаюць не рэзкія, а пакрокавыя змены. Пра гэта 24 жніўня заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Падчас рэспубліканскага педсавета, які прайшоў у сталіцы, абмяркоўваліся канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы (да 2020-га) і доўгатэрміновы (да 2030-га года) перыяды. Гэты дакумент цяпер разгледзяць абласныя педсаветы, іх прапановы ўлічаць падчас падрыхтоўкі канчатковага варыянту.

“Гэта будзе своеасаблівая дарожная карта, якая дазволіць рухацца далей, — цытуе словы Карпенкі БЕЛТА. — Ужо вызначаны канкрэтныя мерапрыемствы. Але гэта не значыць, што варта чакаць рэзкіх зменаў. Працэс будзе пакрокавы, ён дазволіць удасканальваць і адточваць сістэму адукацыі”.

Па словах міністра адукацыі, сярод самых важных новаўвядзенняў — увядзенне незалежнай атэстацыі выпускнікоў базавай школы. Гэта дазволіць дзевяцікласніку зрабіць выбар — працягваць навучанне ў 10-11 класах, ці ісці ў прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную ўстанову адукацыі. Ігар Карпенка паабяцаў, што ў нашай краіне створаць празрыстую незалежную сістэму ацэнкі.