Кіраўнік МУС: Усім, хто ўцёк з Плошчы, будзе выстаўлена абвінавачанне

Міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў абяцае затрымаць усіх арганізатараў і ўдзельнікаў масавых беспарадкаў у Мінску, паведамляе БелаПАН. Пра гэта ён заявіў журналістам 22 снежня ў Савеце Рэспублікі. Паводле слоў Куляшова, усе, "хто ўцёк з плошчы, будуць устаноўлены, затрыманы, і ім выставяць абвінавачанне".

"Ніводзін не пазбегне пакарання. Для гэтага ў мяне ёсць усе магчымасці", — сказаў міністр.

Кіраўнік МУС не адказаў на пытанне, колькі на гэты момант фігурантаў па справе аб масавых беспарадках. Паводле яго слоў, гэта ўсё трэба будзе высветліць следству.

На прэс-канферэнцыі 20 снежня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў Мінску было затрымана 639 удзельнікаў акцыі. Ён таксама папярэдзіў, што будуць затрыманы ўсе, хто ўдзельнічаў у беспарадках, але пакуль застаецца на волі.