Кіраўнік штаба Статкевіча Сяргей Марцалеў знаходзіцца ў СІЗА КДБ
Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, знаходзіцца ў следчым ізалятары Камітэта дзяржбяспекі.
Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар камітэта ў абарону правоў зняволеных "Над бар'ерам" Цімафей Дранчук.
У ноч на 23 снежня Марцалеў быў зняты з цягніка Мінск — Варшава беларускімі памежнікамі ў Брэсце і перададзены міліцыі. Ён ехаў у Варшаву па запрашэнні польскага тэлеканала "Белсат" на запіс перадачы. Да раніцы 24 снежня Марцалева трымалі ў найбліжэйшым райаддзеле міліцыі, пасля чаго сувязь з імі перарвалася.
Пра месцазнаходжанне палітыка стала вядома толькі вечарам 24 снежня, калі яго сваякам патэлефанавалі з СІЗА КДБ. Яны таксама паведамілі, што Марцалеў з'яўляецца падазроным па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.