Колькасць падазроных па справе аб масавых беспарадках ўзрасла да 25 чалавек
Колькасць падазроных па справе аб масавых беспарадках ўзрасла да 25 чалавек. У спіс уключаныя ўдзельнікі акцыі 19 снежня Дзмітрый Новік і Мікіта Ліхавід.
Апошні адбывае 15-сутачны арышт у Жодзінскім СІЗА. Да гэтага 23-м падазроным стаў кіраўнік выбарчага штаба Мікалая Статкевіча Сяргей Марцалеў, якога знялі з цягніка Мінск — Варшава на беларускай мяжы. Падазроным пагражае ад 3 да 15 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
У ліку падазроных сем экс-кандыдатаў у прэзідэнты: змешчаныя ў СІЗА КДБ Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, а таксама Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус, з якіх узятая падпіска аб нявыездзе.
Астатнія 18 падазроных па справе — прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў, грамадскія актывісты, журналісты і былы супрацоўнік міліцыі:
- Аляксандр Арастовіч, давераная асоба Статкевіча;
- Дзмітрый Бандарэнка, давераная асоба Саннікава;
- Сяргей Вазняк, давераная асоба Някляева;
- Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штаба Някляева;
- Аляксандр Класкоўскі, былы супрацоўнік міліцыі;
- Уладзімір Кобец, кіраўнік штаба Саннікава;
- Алег Корбан, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука;
- Анатоль Лябедзька, давераная асоба Раманчука;
- Мікіта Ліхавід, удзельнік акцыі;
- Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штаба Статкевіча;
- Дзмітрый Новік, удзельнік акцыі;
- Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар Саннікава;
- Анатоль Паўлаў, кіраўнік выбарчага штаба Раманчука;
- Анастасія Палажанка, намеснік старшыні зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт";
- Наталля Радзіна, рэдактар інтэрнэт-сайта charter97.org;
- Павел Севярынец, кіраўнік выбарчага штаба Рымашэўскага;
- Аляксандр Фядута, давераная асоба Някляева;
- Ірына Халіп, карэспандэнт расійскай "Новой газеты", жонка Андрэя Саннікава.
На працягу 10 сутак з моманту затрымання ім павінны прад'явіць абвінавачанне ці адпусціць.