Кожная 4-я жанчына, якая перарвала першую цяжарнасць, застаецца бясплоднай

Кожная чацвёртая жанчына, першая цяжарнасць якой закончылася абортам, застаецца бясплоднай, паведаміла ў інтэрв'ю БелаПАН прафесарка кафедры Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА) Вольга Перасада. "Гэта тычыцца як перарывання цяжарнасці на больш позніх, гэтак і ранніх тэрмінах шляхам вакуум-аспірацыі, — сказала спецыяліст. — Не бывае бяспечнага аборту, тым больш калі размова ідзе аб першай цяжарнасці. Жаночы арганізм у гэтым выпадку асабліва цяжка перажывае гарманальны стрэс, фізічнае ўздзеянне, якое раніць органы, а таксама псіхалагічны ўдар".



Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі з 1990 г. колькасць абортаў знізілася практычна ў пяць разоў і складае цяпер 22,2 на 1 тыс. жанчын дзетароднага ўзросту. У 2003 г. колькасць родаў і абортаў была амаль аднолькавай, у 2007 годзе суадносіны абортаў да родаў вызначаюцца як 1:2.

Пры гэтым В.Перасада падкрэсліла, што ў выпадку, калі жанчына, тым больш падлетак, зрабіла аборт, неабходна прайсці курс медыцынскай рэабілітацыі для прафілактыкі запаленчых працэсаў і бясплоднасці.Прафесарка звярнула ўвагу на тое, што "калі ўжо дзяўчына пачынае сэксуальнае жыццё, яна павінна паклапаціцца пра сваё здароўе": "Гэта азначае што, па-першае, трэба правільна засцерагацца ад непажаданай цяжарнасці. Аптымальным для падлетка з'яўляецца прымяненне сумесна прэзерватыва і гарманальнай кантрацэпцыі. Па-другое, у дзяўчыны павінен быць свой доктар, які падбярэ адпаведныя яе ўзросту і стану здароўя кантрацэптывы".