Кухар з Невады падаў у суд на Стынга за выкарыстанне гісторый з яго жыцця

48-гадовы кухар Рэй Сміт з Невады падаў у суд на Стынга. Сміт сцвярджае, што дапамог музыку напісаць два галоўныя хіты гурту The Police. Па словах кухара, у 1977 годзе ён гутарыў са Стынгам у рэстаране і распавёў яму пра сваю былую дзяўчыну Раксану, якая была прастытуткай, а таксама пра тое, як пасля смерці бацькі дасылаў сваёй маці лісты ў бутэльцы.

Пасля гэтага Стынгам былі напісаныя песні Roxanne і Message In A Bottle.

У сваю чаргу, адвакат Стынга Джон Розенберг паведаміў, што ён не мае намер адказваць на прэтэнзіі Сміта. "Рой Сміт можа сказаць, што ён сустрэў велікоднага труса ў 1977, але гэта цалкам не азначае, што так яно і было", - цытуе словы адваката амерыканскае выданне Reno Gazette-journal.

Між тым, па інфармацыі інтэрнэт-выдання Drowned in Sound, у наступныя пяць гадоў Стынг больш за дзесяць разоў спрабаваў патэлефанаваць Сміту, каб папрасіць прабачэння за выкарыстанне ў тэксце песні таго, што пачуў у асабістай гутарцы, аднак маці Рэя Сміта не перадала паведамленне. Пачуўшы назву гурту, жанчына падумала, што яе сына шукае паліцыя.

Англійскі рок-музыка і кампазітар, Стынг, сапраўднае імя якога Гордан Самнер, з'яўляецца адным з найбольш харызматычных рок-выканаўцаў апошніх двух дзесяцігоддзяў 20-га стагоддзя.

З 1978 па 1984 год ён быў лідэрам гурту Police, музыка якога спалучала рок, рэгі і джаз.

Пасля распаду гурту Стынг распачаў паспяховую сольную кар'еру, якая працягваецца па гэты дзень.

Фота: www.specialradio.ru