Латвія хоча разам з Беларуссю будаваць хуткасныя аўтадарогі на грошы ЕС?

Латвія павінна будаваць хуткасныя дарогі сумесна з Беларуссю. Такое меркаванне выказаў старшыня Вентспілскай думы Айварс Лембергс. Ён лічыць, што такі праект паспрыяў бы развіццю латвійскай эканомікі.
Як паведамляе сайт gorod.lv, цяпер складаецца план па засваенні бюджэта Еўрасаюза на перыяд з 2014 да 2020 года. Лембергс перакананы, што Латвія мусіць гэтым скарыстацца і падрыхтаваць свае прапановы па буйных еўрапейскіх праектах.

"Такі праект можа быць рэалізаваны толькі ў тым выпадку, калі ў ім будуць удзельнічаць ЕС з аднаго боку, і Расія і Беларусь з другога боку, паколькі нельга будаваць хуткасную трасу, якая заканчваецца ў лесе каля мяжы", — кажа старшыня Вентспілскай думы. Ён заклікае латвійскіх дыпламатаў, кіраўніцтва краіны больш актыўна працаваць з суседзямі для "дасягнення сумеснага палітычнага рашэння".

Дарэчы, на пабудову хуткасных аўтадарог спатрэбіцца каля 4 млрд еўра, якіх няма ў латвійскім бюджэце, але якія можа інвеставаць ЕС, спадзяецца Айварс Лембергс.