Лідэраў беларускай апазіцыі сёння чакаюць у МЗС Польшчы

21 кастрычніка ў Варшаве адбудуцца перамовы паміж лідэрамі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі і міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. На сустрэчу запрошаныя сустаршыні палітрады АДС Вінцук Вячорка, Анатоль Ляўковіч, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька, экс-кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандр Казулін і Аляксандр Мілінкевіч, а таксама сустаршыня аргкамітэта па стварэнні "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" Павел Севярынец.

Падчас перамоваў будзе абмеркаваная сітуацыя ў Беларусі ў кантэксце нядаўніх парламенцкіх выбараў і пацяплення адносінаў паміж Бруселем і афіцыйным Мінскам.

Як паведамляе БелаПАН, лідэры АДС падрыхтавалі пакет прапановаў па змяненні беларускага заканадаўства, накіраваных на яго дэмакратызацыю. На першым месцы ў ім - дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства. Таксама Радаславу Сікорскаму будуць перададзеныя папраўкі ў закон аб СМІ, падрыхтаваны Беларускай асацыяцыяй журналістаў.