Лідскія школьнікі засталіся без навагодніх падарункаў з-за крызісу?

Як паведамляе сайт "Новая Ліда", фінансавы крызіс закрануў школьнікаў малодшых класаў у Лідзе (Гродзенская вобласць). Дзеці засталіся без навагодніх падарункаў.
На сходзе кіраўнікоў дзіцячых дашкольных установаў і школаў Ліды было вырашана не вылучаць грошы на падарункі дзецям 1-4 класаў, як гэта звычайна практыкавалася да гэтага года. Падстава — недахоп фінансавых сродкаў.

Падарункі атрымаюць толькі наведвальнікі "мэраўскіх" навагодніх ранішнікаў (каля 500 чалавек), піша "Новая Ліда".

Аднак у Лідскім раённым аддзеле адукацыі і гарадскіх школах гэтую інфармацыю не пацьвердзілі. Вось што адказала Еўрарадыё супрацоўніца РАА Лідскага раёна Святлана Быкоўская:

“1-4 класы школ Ліды і Лідскага раёна атрымаюць падарункі”.

Калі ж мы папрасілі пракаментаваць звесткі, распаўсюджаныя “Новай Лідай”, Святлана Быкоўская назвала іх чуткамі і паведаміла дакладную колькасць падарункаў.

Святлана Быкоўская: “Ведаеце, гэта "жоўтая" прэса піша. Я вам нават колькасць магу назваць: 5348 падарункаў атрымаюць вучні 1-4 класаў, за кошт мясцовага бюджэту”.