Лукашэнка ўнёс змены і дапаўненні ў правілы прыёму ў ВНУ

Аляксандр Лукашэнка сваім указам унёс дапаўненні і змены ў правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага прэзідэнта.
Дакумент усталёўвае аднолькавыя ўмовы і скарачае тэрміны падачы дакументаў на бюджэтную і платную формы навучання. Скасаваны ўнутраны іспыт па прадметах, якія ўключаныя ў цэнтралізаванае тэставанне.

Указам таксама зменшана колькасць катэгорый абітурыентаў, якія маюць права на пазаконкурснае залічэнне. У прыватнасці, такое права захавана за дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама за пераможцамі і прызёрамі міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фэстаў, спартовых спаборніцтваў і некаторымі іншымі катэгорыямі.

Дзецям-інвалідам, інвалідам I і II групы прадастаўлена права ўдзельнічаць у конкурсе на завочную або вячэрнюю форму атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі за кошт бюджэту.

Таксама, адзначылі ў прэс-службе, унесены змены і дапаўненні, што датычацца мэтавага набору на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профіля, прыёму ў беларускія вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы замежных грамадзян і іншыя.

“Інтэрфакс”