Лукашэнку ў наступным годзе могуць запрасіць на саміт ЕС у Бруселі

Аляксандра Лукашэнку могуць запрасіць у 2009 годзе на адзін з самітаў Еўрасаюза ў Бруселі. Пра гэта паведамляе РИА "Новости" са спасылкай на бельгійскія СМІ. У прыватнасці, пра такую магчымасць сказаў намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Томас Пояр, які нядаўна наведаў Беларусь. Паводле яго словаў, кіраўніцтва Чэхіі, якой Францыя перадасць ратацыйнае старшынства ў ЕС з 1 студзеня 2009 года, разглядае варыянт магчымага ўдзелу кіраўніка Беларусі ў саміце ЕС, які пройдзе ў фармаце "27 плюс 6" - краіны-сябры ЕС плюс Грузія, Арменія, Азербайджан, Украіна, Малдова і Беларусь.

БелаПАН нагадвае, што міністры замежных спраў краін Еўрасаюза на паседжанні 13 кастрычніка ў Люксембургу прыпынілі на паўгода дзеянне забароны на ўезд у краіны ЕС Аляксандра Лукашэнкі і 35 беларускіх чыноўнікаў. Лукашэнка ў "чорным спісе" знаходзіўся ад красавіка 2006 года.