Л.Заіка: Для аплаты газу памяняем еўра, атрыманыя ад продажу нафтапрадуктаў

За газ у наступным годзе Беларусі, магчыма, давядзецца плаціць расійскімі рублямі. Упершыню пра гэта днямі заявіў прэм'ер-міністр Расіі Ўладзімір Пуцін. Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што з-за гэтага для беларускай эканомікі новых праблемаў не ўзнікне.
Ул. Пуцін назваў дзіўнай сітуацыю, калі беларусам расійскі газ прадаецца за долары. Спецыялісты тлумачаць, што на такое рашэнне Масквы магло паўплываць аслабленне долара. Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка кажа, то сёлета мы сталі сведкамі рэалізацыі стратэгічнай мадэлі расійскай эканамічнай палітыкі, і расійскі рубель можа стаць грашовай адзінкай на постсавецкай прасторы.

Аднак Леанід Заіка не лічыць, што перавод разлікаў за газ на расійскія рублі можа прынесці новыя праблемы беларускай эканоміцы:

"Не будзе нам складаней. Мы нафтапрадукты прадаем у краіны Еўрасаюза, прадаем за еўра. Будзем гэтыя еўра браць ці долары (у залежнасці ад таго, якія кантракты і як падпісаныя) і мяняць на рублі".