Маладафронтаўцу пагражаюць крымінальнай справай за ўхіленне ад войска

Актывісту баранавіцкай філіі міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" і стыпендыяту праграмы Кастуся Каліноўскага Пятру Рузаву пагражаюць крымінальнай справай за ўхіленне ад вайсковай службы. Па словах Пятра, яшчэ ў мінулым годзе супраць яго была распачатая крымінальная справа і ён атрымаў два штрафы за тое, што не з’яўляўся на медычны агляд у ваенкамат у той час, як знаходзіўся за межамі Беларусі. Пасля гэтага ён даслаў у ваенкамат даведку, што з’яўляецца студэнтам Познаньскага ўніверсітэту імя Адама Міцкевіча, і справа ў пракуратуры супраць яго была закрытая.

Але 18 лютага маці маладафронтаўца патэлефанаваў следчы баранавіцкай міліцыі і паведаміў, што супраць Пятра зноў распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад вайсковай службы. Аднак гэтым разам апроч абвінавачвання ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву яму, нібыта, яшчэ інкрымінуюць падробку дакументаў. У ваенкамаце палічылі, што даведка, выдадзеная Познаньскім універсітэтам, была падробленая. Следчы патрабаваў неадкладнага вяртання  Рузава ў Беларусь для дачы пісьмовых сведчанняў і пагражаў, што па існуючых дамоўленасцях паміж Беларуссю і Польшчай маладафронтаўца дэпартуюць.

“Улетку мінулага года баранавіцкім "Маладым Фронтам" праводзілася антыкарупцыйная кампанія, якая была накіраваная супраць мэра Баранавічаў Віктара Дзічкоўскага. Пасля гэтага ў шэрагу маладафронтаўцаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі, з'явіліся праблемы з ваенкаматам. Я лічу, што гэта не проста супадзенне”, — сказаў Еўрарадыё Пётр Рузаў.