Мастака Алеся Пушкіна асудзілі на 13 сутак арышту

Так вырашыў суд у Крупках. Мастака звінавацілі ў злосным хуліганстве. Па словах яго жонкі Яніны, гэта была правакацыя. Прысуд вынесла суддзя Вольга Фома. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў судзе Крупскага раёну:

Супрацоўніца суда: "Пакаранне - адміністрацыйны арышт, 13 сутак".

Нагадаем, 8 снежня дадому да Пушкіна, які жыве ў мястэчку Бобр у Крупскім раёне завітаў нецвярозы сусед Ясон Лазарэвіч. Яніна Пушкіна кажа, што той спрабаваў справакаць яе мужа на ўжываньне сілы. Мастак на правакацыю не паддаўся.

Аднак праз нейкі час да Пушкіна прыехалі міліцыянты і паведамілі, што маюць заяву, нібыта Пушкін збіў чалавека. Мастака завезлі ў пастарунак, дзе трымалі ўсю ноч. Зранку яго даставілі ў суд у Крупках. Пушкін ісці на суд адмаўляўся, таму ў памяшканне суда яго хутчэй за ўсё валаклі, кажа жонка.

Начальнік раённай міліцыі Міхаіл Сацук адмовіўся каментаваць для Еўрарадыё прычыны затрымання мастака.


На здымку з архіву Алесь Пушкін нясе партрэт расстралянага бальшавікамі святара Георгія Бортніка на шэсці з нагоды Дзядоў, 2 лістапада 2008 г. 

Фота — bymedia.net