Мастоўскіх школьнікаў не пускаюць на Нацыянальную дыктоўку

Нацыянальная дыктоўка была прызначаная на 14-ю гадзіну 25 сакавіка і ўзгодненая з выканкамам. Улады нават прапанавалі памяшканне актавай залы раённага Цэнтра выхаваўчай працы (РЦВП) і тэкст Юрыя Лабынцава “Старая казка Палесся”. Не пярэчылі і супраць размяшчэння інфармацыйных матэрыялаў. Аднак стала вядома, што з выканкама паступаюць распараджэнні ў школы (у прыватнасці, у Мастоўскую СШ №3), што якраз а 14-й дзеці маюць пайсці на кіналекторый. Завуч школы Ганна Лісай загадала ўсім 9-класнікам трэцяй школы ісці на кіналекторый. Яна ж заявіла, што нікому нельга ісці папоўдні ў РЦВП, нават на розныя гурткі, “бо там будзе адбывацца іншае мерапрыемства”.