Міхаіл Захараў назваў склад хакейнай зборнай Беларусі на Алімпіяду-2010

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Захараў назваў імёны кандыдатаў у нацыянальную каманду, якія будуць рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў-2010 у канадскім Ванкуверы.  Як паведамляе БЕЛТА, настаўнік беларускай дружыны спыніў свой выбар на наступных хакеістах:

брамнікі — Андрэй Мезін, Віталь Коваль (абодва — "Дынама", Мінск);

абаронцы — Андрэй Антонаў, Андрэй Башко, Уладзімір Дзянісаў (усе — "Дынама", Мінск), Аляксандр Сырэй, Вадзім Сушко (абодва — "Шахцёр", Салігорск), Віктар Касцючонак ("Спартак", Масква, Расія), Мікалай Стасенка ("Амур", Хабараўск, Расія), Руслан Салей ("Каларада", ЗША, НХЛ);

нападнікі — Алег Антоненка, Сяргей Задзяленаў, Аляксандр Кулакоў, Андрэй Міхалёў, Андрэй Стась, (усе — "Дынама", Мінск), Сяргей Дзямагін ("Нафтахімік", Ніжнекамск, Расія), Аляксей Калюжны ("Дынама", Масква, Расія), Канстанцін Кальцоў ("Салават Юлаеў", Уфа, Расія), Аляксей Угараў (МУС, Балашыха, Расія), Андрэй Касціцын, Сяргей Касціцын (абодва — "Манрэаль", Канада, НХЛ), Міхаіл Грабоўскі ("Таронта", Канада, НХЛ).

Захараў падкрэсліў, што гэта не канчатковы спіс алімпійцаў, і таму ў шмат якіх гульцоў ёсць яшчэ шанец прабіцца ў алімпійскую каманду. Канчаткова прозвішчы з 23 удзельнікаў Алімпіяды будуць названы 15 лютага ўжо ў Канадзе.

На Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы зборная Беларусі на папярэднім этапе згуляе ў групе С з камандамі Фінляндыі (17 лютага), Швецыі (19 лютага) і Нямеччыны (20 лютага).