Мінчане падпісалі каля 700 паручальніцтваў за вызваленне палітвязняў

Але перадаваць іх следчым пакуль не плануецца. Неўзабаве да акцыі збіраюцца далучыцца жыхары яшчэ 40 гарадоў Беларусі.
Каля 700 паручальніцтваў падпісалі жыхары Мінска за затрыманых у выніку падзеяў 19 снежня. Такім чынам людзі ўзялі на сябе адказнасць і гарантавалі, што, калі палітыкаў выпусцяць да суда пад падпіску аб нявыездзе, яны нікуды не ўцякуць і не парушаць закон.

“Дакладна мы не падлічвалі, але дзесьці 700 подпісаў сабралі. Але, зрэшты, гэта толькі па Мінску. Толькі зараз мы распачалі такі збор па краіне, зараз мы будзем распаўсюджваць інфармацыю — якія гарады далучаныя, кантакты гэтых людзей. Каля 40 гарадоў дадалося, і зараз тэмпы павялічацца”, — распавёў Еўрарадыё сакратар Управы Партыі БНФ Сяржук Семянюк. Ён адзначыў, што часцей людзі падпісваюцца адразу за ўсіх чатырох экс-кандыдатаў у прэзідэнты — Саннікава, Някляева, Статкевіча і Міхалевіча.

Нагадаем, згодна з 121-м артыкулам Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, напісаць хадайніцтва можа любы жадаючы. За кожнага затрыманага павінна падпісацца не менш за двух чалавек. Калі вызвалены па хадайніцтве парушыць закон, то паручальніку пагражае штраф ад 1600 да 5800 долараў.

Акцыя па зборы подпісаў пад паручальніцтвамі на Управе БНФ цягнецца ўжо два тыдні. Пакуль паперы ні ў Генпракуратуру, ні ў КДБ вырашылі не адносіць. 

Сяржук Семянюк: “Дамоўленасць у нас такая, што мы гэтыя паручальніцтвы збіраем, перадаем адвакатам — і яны ўжо з імі працуюць. Пакуль адвакатам не перадавалі: вырашылі акумуляваць іх у сябе. Зрэшты, самі адвакаты кажуць: “Пакуль збірайце”.

Пра ініцыятыву “фронтаўцаў” жонка Алеся Міхалевіча Мілана даведалася зусім нядаўна. Паралельна ж падобную падтрымку выказалі і бацькі аднакласнікаў яе старэйшай дачкі Лесі Стэфаніі. 18 студзеня на бацькоўскім сходзе яны вырашылі накіраваць хадайніцтва ў пракуратуру і міліцыю пра змену меры стрымання для Алеся Міхалевіча. Некалькі чалавек нават прапанавалі падпісаць асабістыя паручальніцтвы за экс-кандыдата. 

Мілана Міхалевіч: “Хадайніцтва пра змену меры стрымання падпісалі ўжо бацькі. Прычым не толькі бацькі нашага класа, як мне сказалі. І некалькі бацькоў выказалі ініцыятыву стаць асабістымі паручыцелямі Алеся”. 

Адвакат Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка кажа, што такая вялікая колькасць паручальніцтваў — беспрэцэдэнтная. Вось толькі ці дапаможа гэта яе падабароннаму, яна прадказваць не бярэцца.

Тамара Сідарэнка: “Такога не было ў маёй практыцы, каб столькі было паручыцеляў — людзей, якія згодныя ўзяць адказнасць на сябе за паводзіны чалавека. Але ці будзе гэта мець сур’ёзны ўплыў на органы следства — не ведаю. Бо ёсць такая рэч, спасылаючыся на якую можна ўсё адмаўляць: “Абвінавачваецца ў здзяйсненні цяжкага злачынства. Таму немэтазгодна мяняць меры стрымання”. І ўсё! Фармальна ўсё правільна. Але сам факт — гэта беспрэцэдэнтна, калі столькі людзей будуць даваць паручальніцтва”.

Адвакат адзначыла, што на паручальніцтва патрэбная і згода затрыманых. Але не на збор папер, а за іх падачу следчаму разам з хадайніцтвам пра змену меры стрымання, складзеным адвакатам. Можна, кажа Сідарэнка, сабраць паручальніцтвы, напісаць хадайніцтва, а падчас сустрэчы з затрыманым расказаць яму пра гэта. І калі будзе згода — адразу перадаць паперы следчаму.