Міністры МЗС Беларусі і Расіі пра газ не размаўлялі

Кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў шкадуе, што рашэнне газавых пытанняў перайшло ў “напружаную фазу”. Такую заяву ён зрабіў на брыфінгу па выніках візіту ў Мінск яго расійскага калегі Сяргея Лаўрова. Пры гэтым беларускі міністр упэўнены: гэтыя пытанні будуць вырашаныя ў найбліжэйшы час, паведамляе БелаПАН. Сяргей Мартынаў падкрэсліў, што на сённяшніх перамовах двух міністраў пытанні паставак і транзіту газу, а таксама іншыя энэргетычныя пытанні не фігуравалі. У сваю чаргу расійскі міністр Сяргей Лаўроў адзначыў, што газавыя пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краінаў.

Абодва адмовіліся каментаваць журналістам рашэнне беларускага боку спыніць транзіт расійскага газу.