Мінскае "Дынама" падпісвае кантракты з 10 хакеістамі-легіянерамі

Як паведамляе БЕЛТА, новы галоўны трэнер каманды чэх Марэк Сікора зрабіў свой выбар на карысць 32-гадовага амерыканца Роберта Эша ў якасці брамніка нумар 1. З галкіперам зборнай Беларусі Андрэем Мезіным "Дынама" кантракт не падоўжыла. Каманду таксама пакінулі Алег Антоненка, Аляксандр Макрыцкі, Сяргей Задзялёнаў, шведскі форвард Юнас Андэрсан.

Як і чакалася, каманду папоўняць лідэры астанінскага "Барыса" расіяне Максім Спірыдонаў, Канстанцін Глазачоў і славак Ёзэф Штумпел. Таксама з "Барыса" пераходзіць канадскі нападнік Дэвід Неміроўскі, а з чэшскага "Вітковіцэ" - форвард Марэк Квапіл, новаспечаны чэмпіён свету-2010.

У шэрагі мінскага "Дынама" ўвойдзе таксама славацкі абаронца Петэр Падградскі з "Барыса" і тры абаронцы, якія ў мінулым сезоне ўвайшлі ў лік самых дзейсных гульцоў абароны ў шведскай элітсерыі - Давід Петрашек, фін Ханну Пікарайнен і Юхан Франсан.

Мінскае "Дынама" працягнула дамовы з расійскім форвардам Дзянісам Качатковым, а таксама з сямю беларускімі гульцамі: абаронцамі Андрэем Антонавым, Дзмітрыем Корабавым і нападнікамі Аляксандрам Кулаковым, Дзмітрыемм Мялешкам, Андрэем Міхалёвым, Андрэем Стасем і Яраславам Чупрысам.

Марэк Сікора збіраецца таксама прагледзець вялікую групу гульцоў з былога фарм-клуба мінчукоў салігорскага "Шахцёра", а таксама з юніёрскіх камандаў.