Мінская міліцыя правяла аблаву супраць цыганоў

Супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну Мінску 5 лютага затрымалі больш за 80 цыганоў у мікрараёне Сцяпянка. У міліцыі ў іх узялі адбіткі пальцаў. Кожнага здымалі на відэакамеру для архіву.  Цыганы вінавацяць міліцэйскае кіраўніцтва ў свавольстве і парушэнні дзейнага заканадаўства. Міліцыянты сцвярджаюць, што дзейнічалі ў рамках “прапрацоўкі” раёну.

Як паведамляе Радыё "Свабода", міліцыянты затрымлівалі цыганоў як тэрарыстаў: аперацыю праводзілі ў масках, усіх прысутных клалі на падлогу або ў снег, збівалі, ладзілі ператрусы.

Некаторыя з затрыманых цыганоў заявілі, што будуць скардзіцца ў пракуратуру на дзеянні міліцыянтаў. Яны будуць патрабаваць, каб міліцэйскія рэйды ладзіліся такім чынам, каб не было шкоды малым дзецям, каб не было збітых падчас затрымання, а таксама каб іх не вялі як злачынцаў на вачах суседзяў.