Місія Камітэта міжнароднага кантролю заступілася за адвакатаў

Міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заклікае беларускія ўлады не дапускаць націску на адвакатаў і праваабаронцаў. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 30 снежня заяве, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, Міністэрства юстыцыі Беларусі ўнесла прадстаўленне кіраўніцтву Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, у якім патрабуе прыняць дысцыплінарныя меры ў дачыненні да шэрагу адвакатаў, якія абараняюць палітыкаў і грамадскіх дзеячаў.

Місія мяркуе, што такая форма націску "можа стварыць пагрозу для паўнавартаснай прафесійнай дзейнасці незалежнай адвакацкай супольнасці". "Адвакаты, якія на законных падставах ажыццяўляюць абарону грамадзян і іх гарантаваных правоў і свабод, згодна з міжнароднымі стандартамі прыраўноўваюцца да праваабаронцаў і падлягаюць асаблівай абароне", — падкрэсліваецца ў заяве.

Апрача таго, зазначаюць яе аўтары, існуюць праблемы з аказаннем медыцынскай дапамогі шэрагу затрыманых і арыштаваных, у прыватнасці Андрэю Саннікаву, Уладзіміру Някляеву, Наталлі Радзінай і іншым. "Мы хочам нагадаць, што калі такія факты маюць месца, то яны могуць быць прыраўнаваны да катаванняў або жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі. Місія заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь або прызнаць гэтыя факты, або вынесці ім афіцыйнае абвяржэнне, і ў любым выпадку забяспечваць неадкладнае і паўнавартаснае аказанне медыцынскай дапамогі ўсім затрыманым або арыштаваным асобам, якія маюць патрэбу ў ёй", — падкрэсліваецца ў заяве.