Музычны праект К6 Live просіць падтрымкі
Кміт-ансамбль падчас запісу К6 live / @johnny_cosmic
Праект К6 Live, які пачынаўся як музычнае шоў на ютубе, а вырас у магутны беларускі незалежны музычны рух у Варшаве, просіць падтрымкі.
За 10 месяцаў існавання К6 Live падарыў аматарам беларускай музыкі пяць унікальных выпускаў з беларускімі гуртамі Lubber Louie, LÖS band, Сербскі Нож, Ковельскія Псы, Кміт-ансамбль. А яшчэ — стаў платформай для андэграўднай сцэны з вечарынамі і канцэртамі, аб’яднаўшы музыкаў, паэтаў і слухачоў.
У планах — шэсць выпускаў і серыя лайв-канцэртаў. Вішанькай на торце мае стаць святочны фінальны эпізод да дня народзінаў праекта з выступам višniovy tort. На яго і збіраюцца грошы.
Стваральнікі праекта кажуць, што для іх К6 — гэта спосаб дакументаваць тое, што адбываецца з беларускай музыкай сёння: як яна змяняецца, выжывае, пераязджае і працягвае існаваць нават пасля разбурэння звыклых сцэн і інфраструктуры.
Дык давайце ж дакументаваць разам! Дапамагчы праекту можна тут.